2011-05-18 11:53:35

Арцыбіскуп Чэллі: “У мяне вялікія чаканні адносна Касцёла ў Беларусі – бо я сустрэў яго вельмі маладым”


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэллі, старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі, які наведаў Беларусь 12-15 мая падзяліўся сваімі ўражаннямі ад візіту ў інтэрв’ю нашай рэдакцыі. Ён лічыць, што “краіна мае сур’ёзныя праблемы і патрабуе адказнасці на ўсіх узроўнях”. Паводле іерарха, менавіта католікі пакліканы любіць сваю краіну, жыць адказна і выконваць добра сваю місію. Прапануем вашай увазе поўны тэкст інтэрв’ю.

Гэта быў Ваш першы візіт у Беларусь. Вядома, перад паездкай Вы штосці ведалі аб нашай краіне, магчыма, дадаткова атрымалі інфармацыю з артыкулаў, Інтэрнэту. Скажыце, ці адрозніваюцца ўражанні і чаканні ад рэальнасці?

Калі я падарожнічаю па іншых краінах, сустракаю шмат святароў сталага ўзросту і вельмі мала маладых. У Беларусі, наадварот, я ўбачыў, што большасць складаюць маладыя святары. Гэта з’яўляецца вялікім выклікам і вялікай магчымасцю. Бязспрэчна, маладое духавенства нарадзілася ўжо ў іншым кантэксце. Яны больш уважлівыя да “лічбавай рэальнасці” і большыя эксперты ў сферы новых тэхналогій. Зараз важна зразумець, якім чынам гэта іх здольнасць, сімпатыя і адкрытасць на новыя тэхналогіі зможа злучыцца з евангелізацыйнай мудрасцю, бо камунікацыя звязана не толькі з тэхналогіямі. Трэба мець сэрца адкрытае на праблемы чалавека, мець сэрца вельмі чулае да таго, чым характэрызуецца чалавечае жыццё сёння. Неабходна мець сэрца поўнае Бога і Яго слова, для таго, каб быць здольным камунікаваць і асвяціць шлях сучаснага чалавека.

Гэта “мудрасць камунікацыі”, якая становіцца евангелізацыяй, не звязана з узростам. Узрост дае вялікую адкрытасць на новыя тэхналогіі, якую неабходна злучыць з сардэчнай мудрасцю. Я б хацеў адзначыць, што гэта вялікі выклік, які маладыя беларускія святары павінны прыняць, і гэта не толькі пытанне тэхналогій. Гдедзячы на тую ўвагу, з якой яны слухалі мае словы, мне здаецца, яны адчуваюць патрэбу і ўважліва ставяцца да гэтай прапановы.

Тры дні ў Беларусі, гэта не шмат. Але ўсё ж, якой вам бачыцца будучыня краіны і грамадства?

Канешне краіна мае сур’ёзныя праблемы і патрабуе адказнасці на ўсіх узроўнях. Мы павінны ўсведамляць, што мы хрысціяне, католікі, пакліканы любіць сваю краіну, жыць адказна і выконваць місію, якая нам была даверана, каб краіна магла жыць у міры і супакоі. Новыя пакаленні ўжо маюць шмат цяжкасцяў, якія павінны перажыць, таму мы не павінны рабіць яшчэ больш праблем на іх шляху. Таму важнымі з’яўляюцца тыя слупы, аб якіх гаворыцца ў энцыкліцы “Pacem in terris” і аб якіх казалі Павел VI і Ян Павел ІІ – пошук праўды, справядлівасці, але з адказнасцю, якая становіцца салідарнасцю з тымі людзьмі, якія крочаць побач з намі.

Пасля гэтых трох дзён, якія застаюцца ў маім сэрцы як каштоўны ўспамін, я ўпэўнены што неабходна ісці наперад, будаваць, сеяць праўду, салідарнасць перамагаючы падзелы. І канешне давярацца Божай дапамозе. Звяртацца да Марыі. Наш шлях ня лёгкі. Не будзе лёгкім і для вас беларусаў і вашай краіны. Я спытаюця: а дзе ён лёгкі? І для вас гэта з’яўляецца вялікім выклікам, каб працаваць, каб дапамагаць адзін аднаму, каб змагацца разам для дабра ўсёй краіны.

Асноўная мэта візіту – сустрэча з рэлігійнымі і свецкімі СМІ. Прычым, Вы самі казалі, што больш хочаце слухаць, а не гаварыць. Ці атрымалася? І што Вы пачулі – якія праблемы хвалююць беларускую прэсу?

Я меў сустрэчы з журналістамі свецкіх выданняў. Убачыў, што іх цікавяць адмысловыя тэмы, якія адначасова з’яўляюцца цікавымі і для мяне. Я казаў ім аб чатырох слупах, на якіх павінна грунтавацца праца СМІ: справядлівасць, праўда, дыялог і любоў. Хачу адзначыць, што мы закранулі тэмы вельмі дэлікатныя для сучаснасці краіны. Некаторыя журналісты задалі мне пытанні аб праблемах вельмі вострых і спрэчных. Місія журналіста у палітычным кантэксце з’яўляецца складанай. Гэта місія цікавая і моцная, таму што некаторыя тэмы з’яўляюцца вострымі. Хтосці мяне спытаў аб дзяржаўным кантролі, хтосці аб правах чалавека. І тут я быў зацікаўлены падкрэсліць, што для кожнага з іх, годнасць як журналіста заключаецца ў пошуку праўды. Бясспрэчна, што той, хто працуе ў СМІ павінен мець асаблівую ўвагу да праўды, таму што потым гэтай праўдай ён будзе дзяліцца з іншымі. Я хачу адзначыць, што тэма з’яўляецца вельмі цікавай. Мне падалося, што аўдыторыя была асабліва ўважлівай. Я вельмі задаволены гэтай сустрэчай. Лічу яе вельмі пазітыўнай, таму што я ўбачыў людзей вельмі ўважлівых і перажываючых.

Іншая сустрэча была з супрацоўнікамі каталіцкіх СМІ. Я быў вельмі здзіўлены. Мае чаканні былі зусім іншыя ў параўнанні з тым, што я убачыў. Я паразмаўляў аб ролі камунікацыі з біскупамі і шматлікімі святарамі і законнікамі, якія прысутнічалі на сустрэчы. Быў вельмі ўражаны той увагай, з якой яны слухалі мае словы, задавалі пытанні і дзяліліся меркаваннямі. Я застаўся вельмі задаволены гэтай сустрэчай, а таксама тым, што яны робяць і што мае вялікае значэнне. Я прызнаюся, што ў мяне вялікія чаканні адносна Касцёла ў Беларусі – бо сустрэў яго вельмі маладым.

Вы сустрэліся з Мітрапалітам Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі. Наколькі важны сёння міжканфесійны дыялог?

Мы ўжо сустракаліся з Мітрапалітам у Маскве, таму для мяне гэта была ўжо другая сустрэча з ім. Мяне вельмі ўразіла тое, што Мітрапаліт Філарэт сустрэў мяне як старага сябра. Мне было вельмі прыемна. Але не толькі таму, што такое стаўленне тычылася асабіста мяне, але таму, што характарызуе адносіны паміж праваслаўнай і каталіцкай супольнасцямі ў Беларусі. Гэта таксама вялікі выклік, які мы павінны прыняць. Таму што Евангелле нам кажа вельмі ясна – абвяшчэнне Божага слова павінна ажыцяўляцца ў адзінстве. Канешне, яшчэ не існуе поўнага адзінства паміж праваслаўнай і каталіцкай супольнасцямі, аднак вельмі важна, што ёсць атмасфера сяброўства, сардэчнасці і вялікай сімпатыі. Мне здаецца, гэта па-сапраўднаму важны момант, які дае вялікую надзею на будучыню.

Рэлігійныя СМІ ў большасці сваёй – гэта медыя "для сваіх". Што могуць унесці каталіцкія СМІ ў сённяшнее беларускае грамадства?

Вы маеце вельмі добры сайт, які цудоўна працуе (Рэд. партал catholic.by). Я думаю, варта задзейнічаць усе вашы магчымасці, усё, да чаго маеце доступ. Ад простых публікацый да таго, што тычыцца сферы новых медыя. З уладамі мы размаўлялі аб каталіцкім радыё. Я убачыў, што Міністр інфармацыі мяне слухаў уважліва. Ён чалавек малады, але добра адчувае гэтую праблему. Я быў вельмі рады сустрэцца з ім і Упаўнаважаным па справах рэлігій. У першы дзень свайго візіта я таксама меў сустрэчу з намеснікам главы Адміністрацыі Прэзідэнта. Хачу адзначыць, што яны сустрэлі мяне з пашанай і годнасцю. Я б хацеў перадаць ім словы маёй удзячнасці, павагі і прывітання.

Аднак, вашай краіне неабходна глядзець наперад. І перш за ўсё, будаваць на чалавечых каштоўнасцях. Таму што фундаментам усяго з’яўляецца павага да годнасці чалавека. Для нас хрысціян, вучняў Хрыста любы чалавек становіцца братам у веры. Такім я думаю павінен быць Касцёл – не палітычнай партыяй, але супольнасцю мужчын і жанчын, якія з’яўляюцца свядомымі ўласнай годнасці. Яны павінны быць шчаслівымі, мець пасхальную радасць. Павінны сустрэць Пана Езуса ў сваім жыцці і сведчыць аб гэтым жэстамі і сапраўдным жыццём. Рабіць так, каб гэта жыццё падзялялі іншыя. Хрысціянская супольнасць не можа не бараніць годнасць чалавека, які быў створаны на падабенства Бога. Гэта выклік які мы павінны прыняць.

Вы мелі магчымасць пазнаёміцца не толькі з медыйным жыццём Касцёла, але і з яго, так бы мовіць, душпастырскімі буднямі. Якое самае яркае ўражанне заставілі яны ў вас?

У нядзелю я цэлебраваў св. Імшу для дзяцей у мінскай архікатэдры. Я спытаўся ў арцыбіскупа (Рэд. арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч) – ці можна запрасіць дзяцей у прэзбітэрый, каб разам памаліцца “Ойча наш”? Ён мне адказаў, – “Канешне так”. Вы не можаце сабе ўявіць наколькі прыгожа было бачыць прэсзбітэрый поўны дзяцей. Мы ўсе трымаліся за рукі молячыся “Ойча наш”. Гэта быў не проста сентыментальны жэст. Гэта была свядомасць айцоўства Бога, але таксама братэрства паміж намі. Я лічу, што наша заданне – жыць тым, чым мы з’яўляемся і выражаць тое, чым мы ёсць праз жэсты, праз канктэтныя дзеянні.







All the contents on this site are copyrighted ©.