2011-05-13 13:02:53

Арцыбіскуп Чэллі: галоўнае заданне ўсіх СМІ - пошук праўды


RealAudioMP3 13 мая ў Мінску у Мінску адбылася сустрэча арцыбіскупа Клаўдыё Марыі Чэліі з прадстаўнікамі свецкіх СМІ і рэлігійных СМІ. У сваёй прамове да прадстаўнікоў свецкіх мас-медыя іерарх адзначыў, што сёння СМІ з’яўляюцца рухавіком культуры, якая хутка змяняецца. Таму Папы заўсёды давалі настаўленні, каб прафесіяналы ў сферы камунікацыі заўсёды скіроўвалі гэта развіццё да дабра кожнай асобы, кожнай сям’і і народа. “Дабра”, якое выяўляецца ў дары міру, угрунтаванага на агульным дабры, што дасягаецца праз праўду, справядлівасць, свабоду і любоў”, адзначыў арцыбіскуп Чэллі.

Прэфект Папскай рады па сродках масавай камунікацыі падкрэсліў, што галоўным заданем усіх СМІ з’яўляецца пошук праўды і павага да праўды. “Грамадства, ў якім СМІ карыстаюцца даверам дзякуючы сваёй праўдзівасці, жыве ў атмасверы большай калектыўнай свядомасці. - падкрэсліў іерарх – Чалавек прагне праўды, таму СМІ могуць дапамагчы ў дасягненні гэтай мэты”. Арцыбіскуп Чэллі заклікаў да дыялогу ў грамадстве, які неабходны для праўды, таму што дае зразумець чужыя довады і доказы.

Яшчэ адным аспектам дзейнасці СМІ, на які звярнуў увагу каталіцкі іерарх, гэта справядлівасць. “Нават калі СМІ належаць пэўным групам, якія маюць свае інтарэсы, прыватныя і грамадскія, сама па сабе сутнасць іх уздзеяння на жыццё патрабуе ад іх не ўносіць падзелу паміж рознымі групамі. - адзначыў прэфект Папскай рады – яны павінны ускрываць карані гэтых падзелаў, каб іх можна было зразумець і выдаліць”. “СМІ маюць важнае заданне – абудзіць у грамадстве свядомасць таго, наколькі вялікае значэнне мае сапраўдная роўнасць усіх людзей перад законам і роўны для ўсіх людзей і ўсіх сацыяльных слаёў доступ да дасягненняў прагрэсу”, падкрэсліў арцыбіскуп Чэллі.

Іерарх адзначыў таксама, што Касцёл абараняе свабоду слова і друка ў межах маральнага парадку і супольнага дабра. “СМІ служаць свабодзе, служачы праўдзе, і яны ж знішчаюць свабоду, калі аддаляюцца ад таго, што прўдзівае, распаўсюджваючы хлусню аб ствараючы атмасферу нездаровай эмацыйнай рэскцыі на падзеі. – сказаў прэфект Папскай рады - Толькі калі людзі маюць доступ да праўдзівай і вычарпальнай інфармацыі, яны ў стане імкнуцца да супольнага дабра і бачыць у афіцыйных уладах адказных за гэтае дабро”.

Іерарх заклікаў да развіцця культуры ўзаемапавагі, дыялогу і сяброўства. “Для развіцця такой культуры было б пажадана пераадоліць адно з уяўленняў, зазвычай прысутнае ў СМІ, а менавіта “ідэал мацнейшага”. - сказаў арцыбіскуп Чэллі – Такое імкненне да перавагі, якое, зрэшты, толькі павялічвае ўзаемны страх, супярэчыць культуры сяброзства і цывілізацыі любові”.

Падчас сваёй сустрэчы з прадстаўнікамі рэлігійных СМІ і духавенствам, іерарх звярнуў увагу на неабходнасць інтэграцыі евангельскага паслання у “новую культуру”. “Прыярытэтным заданнем, на наш погляд, з’яўляецца данесці голас Касцёла ў працэс фармавання грамадскага меркавання. - сказаў арцыбіскуп Чэллі – гэта значыць падтрымліваць адносіны з асобамі, інфармуючы іх, разам з імі разглядаючы праблемы, выходзячы з замкнутасці на сабе. Іерарх заклікаў веруючую моладзь несці ў электронны свет сведчанне сваёй веры і выконваць “заданне евангелізацыі гэтага „электроннага кантыненту“. “Адукацыя ў галіне камунікацыі павінна стаць неад’емнай часткай фармацыі тых, хто працуе ў душпастырстве, і святароў, - сказаў арцыбіскуп - Неабходна нанава перагледзець праграмы навучання і па магчымасці арганізаваць семінары дзеля пастаяннай фармацыі для ўсіх, хто так ці інакш займаецца душпастырствам”.








All the contents on this site are copyrighted ©.