2011-05-08 17:28:10

Бэнэдыкт XVI сустрэўся з арганізатарамі пастырскага візіта ў Венецыю


RealAudioMP3 Каля 17.00 Бэнэдыкт ХVI прыбыў у базыліку св. Марка, каб прыняць удзел у сустрэчы, з арганізатарамі душпастырскага візіта. У сваім звароце да прысутных Папа адзначыў, што гэтая сустрэча адбываецца ў месцы, якое з’яўляецца сімвалам жыцця Касцёла. “Закхей, хутчэй спускайся, бо сёння мне трэба быць у тваім доме. Той хутка спусціўся і прыняў яго з радасцю”? працытаваў словы евангельскай прыповесці Пантыфік.

“Колькі разоў падчас падрыхтоўкі да душпастрыскага візіту вы слухалі і абмяркоўвалі гэтыя словы, скіраваныя Езусам да Закхея. Яны былі галоўнай тэмай вашых сустрэч, даючы вам стымул у прыняцці Уваскрослага Хрыста, які ёсць надзейным шляхам да шчаслівага жыцця. Сапраўды, рэалізацыя чалавека і яго радасць не ва ўладзе, поспехах, грошах, але толькі ў Богу, з якім Езус нас знаёміць і дае магчымасць наблізыцца да Яго”

“Закхей перажыў гэта навяртанне. - адзначыў Папа - Ён меў усё згодна з сучаснай логікай: уладу і грошы, зрабіў кар’еру, дасягнуў усяго таго, чаго хацеў”. “Таму, яго жаданне бачыць Езуса падаецца дзіўным, - адзначыў Святы Айцец - Што прымусіла яго шукаць сустрэчы з Хрыстом? Закхей зразумеў, што таго, чым ён валодае, недастаткова. Ён пажадаў ісці глыбей. І тут Езус прыходзіць у яго горад. Ён чуў аб незвычайных словах Хрыста: шчаслівыя ўбогія, лагодныя сэрцам, тыя, што шукаюць справядлівасці. Закхей пажадаў убачыць Езуса і знайшоў спосаб, каб сустрэцца з Ім. Езус сам звярнуўся да сказаў яму: “Сёння мне трэба быць у тваім доме”. Пасля гэтай сустрэчы Закхей пачынае новае жыццё: прымае з радасцю Хрыста, адкрывае тую рэальнасць, якая можа запоўніць яго жыццё. Ён ужо не той, якім быў раней і як знак свайго навертання аддаў палову багацця бедным. Ён знайшоў сапраўдны скарб, якім з’яўляецца Езус”.
Папа заахвоціў Касцёл Венецыі наследаваць прыклад Закхея. “Касцёл павінен сёння дапамагаць чалавеку пераадольваць бар’еры індывідуалізма і рэлятывізма - сказаў Пантыфік - Сёння, як духоўным сынам св. Марка, я ў сімвалічны спосаб перадаю вам Евангелле, каб умацаваць вас у веры і заахвоціць перамагаць выклікі сучаснасці. Ідзіце шляхам новай евагелізацыі”. “Будзьце свядомымі носбітамі паслання веры, надзеі і любові да кожнага чалавека”, заахвоціў прысутных Пантыфік.

“Гэта запрашэнне скіравана да святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў, сказаў Папа - Касцёл мае патрэбу ў вашых дарах і вашым запале. Я жадаю яшчэ раз нагадаць, што быць святым не азначае рабіць надзвычайныя рэчы, але прытрымлівацца кожны дзень волі Бога. Я заклікаю вас не шкадаваць энергіі ў абвяшчанні Евангелля і ў хрысціянскім выхаванні. Трэба надаць асаблівую ўвагу на хрысціянскую адукацыю дзяцей, падлеткаў і моладзь. Яны маюць патрэбу ў добрых арыентырах”. “Будзьце для іх прыкладам хрысціянскай і чалавечай гармоніі”, заклікаў вернікаў венецыянскай дыяцэзіі Бэнэдыкт XVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.