2011-05-07 18:38:32

Бэнэдыкт XVI заклікаў спрыяць разуменню хрысціянскага стылю жыцця


RealAudioMP3 Пасля сустрэчы з жыхарамі Аквілеі картэж Святога Айца накіраваўся ў мясцовую базыліку дзе прайшло спатканне з арганізатарамі маючага адбыцца ў наступным годзе Касцёльнага з’езда. Бэнэдыкт XVI звярнуўся да прысутных з прамовай. У ёй Папа адзначыў сімвалічнае значэнне Касцёла ў Аквілеі, як духоўнага цэнтра для ўсёй Паўночнай Італіі, а таксама для католікаў Славеніі, Аўстрыі, Харватыі, Венгрыі і Баварыі. “Спаткацца ў Аквілеі азначае звярнуцца да “каранёў”, каб адшукаць жывыя камяні духоўнага дома, які мае свой фундамент у Хрысце і сваіх славутых паслядоўніках: святых Эрмагоры і Фартунаты, Іларыі і Тацыяне, Грагасоне, Валерыяне і Крамацыі. - сказаў Бэнэдыкт XVI - Вярнуцца ў Аквілею, азначае, перш за ўсё, навучыцца ад слаўнага Касцёла таму, якім чынам можна сёння, у свеце цалкам іншым, ўключыцца ў новую евангелізацыю вашай тэрыторыі і перадаць будучым пакаленням каштоўны скарб хрысціянска веры”.

Папа адзначыў, што “паўночна-усходняя частка Італіі з’яўляецца сведкам і спадкаемцам багатай гісторыі веры, культуры і мастацтва, сляды якіх яшчэ сёння добра бачныя нават у нашым секулярызаваным грамадстве”. “Хрысціянства ўмацавала ваш ветлівы, працавіты, салідарны народ, негледзячы на шматлікасць вашых культурных ідэнтычнасцяў, сказаў прысутным Святы айцец - Аб гэтым сведчаць актыўныя парафільныя супольнасці і дзейнасць вашых пастыраў. Гарызонты веры і хрысціянская матывацыя далі і працягваюць даваць новы імпульс грамадскаму жыццю, натхняюць і кіруюць вашымі традыцыямі. Відавочнай, негледзячы на пануючы матэрыялізм, з’яўляецца ваша адкрытасць на трансцэндэнтнае вымярэнне жыцця і глыбокае разуменне рэлігіі, прывязанасць да рэлігійных традыцый, шматлікія выражэнні веры, любові і культуры; праявы народнай пабожнасці, салідарнасці і валантарыята”. “Беражыце, умацоўвайце і жывіце гэтай вашай каштоўнай спадчынай. Будзьце раўнівымі да таго, што вас зрабіла вялікімі і працягвае рабіць вялікімі гэтыя землі!”, заклікаў вернікаў Святы Айцец.

Важнейшая місія, якую Пан вам даверыў сёння, заключаецца ў аднаўленні асабістых адносін з Хрыстом і сведчанні аб любові Бога да чалавека. Вы пакліканы рабіць гэта, перш за ўсё, праз справы любові і канкрэтныя выбары на карысць канкрэтных людзей, пачынаючы з самых слабых, безабароных, бедных, старых, хворых, тых, хто не мае такіх магчымасцяў, якія маеце вы, тых каго апостал Павел лічыў “найслабейшымі часткамі цела Касцёла”. Ідэі і іх рэалізацыя ў адносінах да старых людзей, якія з’яўляюцца каштоўнейшым рэсурсам для чалавечых адносінаў, гэта прыгожае сведчанне евангельскай любові выражанай ў сацыяльным вымярэнні. Клапаціцеся аб тым, каб у цэнтры вашай увагі была сем’я, крыніца любові і жыцця, фундаментальная ячэйка грамадства і касцёльнай супольнасці. Гэта заданне становіцца тэрміновым ва ўмовах усё больш глыбокага крызіса сужонскага жыцця і нізкага ўзроўню нараджальнасці. Ва ўсёй вашай дзейнасці асабліва клапаціцеся аб моладзі. Многія маладыя людзі сёння з неўпэўненасцю глядзяць у будучыню, часта жывуць у стане дыскамфорту і небяспекі, але носяць у сэрцах вялікі голад і прагу Богу, які пастаянна просіць увагі і адказу!

Папа заклікаў вернікаў Паўночнай Італіі адказаць на шматлікія выклікі звязаныя з эканамічным і фінансававым крызісам, практычным матэрыялізмам і пануючым суб’ектывізмам. “Вы пакліканы спрыяць распаўсюджанню хрысціянскага разумення жыцця, праз свежае і радаснае абвяшэнне Евангелля ва ўсіх сферах штодзённага жыцця. - сказаў Святы Айцец - Вы пакліканы жыць поўняй веры, як напісана ў Лісце да Дыягена: не адмаўляць нічога з Евангелля ў якое верыце, але быць сярод людзей і перадаваць ім разуменне свайго стыля жыцця, які выражаецца ў гуманізме ўгрунтаваным на хрысціянстве. Будуйце разам з усімі людзьмі добрай волі “горад” больш чалавечы, справядлівы і салідарны”.

Як сведчыць доўгая традыцыя каталіцтва ў гэтым рэгіёне, працягвайце сведчыць аб любові Хрыста праз спрыянне “агульнаму дабру”: дабру ўсіх і кожнага. Вашы касцёльныя супольнасці маюць багаты вопыт супрацоўніцтва з грамадскасцю і рознымі інстытутамі. На заканчэнне я раю вам, як і іншым Касцёлам у Італіі клапаціцца аб выхаванні новага пакалення мужчын і жанчын здольных прыняць адказнасць за працу ў розных сферах жыцця грамадства, асабліва ў сферы палітыцы”

Пасля заканчэння сустрэчы з арганізатарамі Касцёльнага з’езда ў Аквілеі, Бэнэдыкт XVI накіраваўся ў Венецыю, дзе, на плошчы св. Марка, сёння вечарам адбудзецца яго спатканне з жыхарамі гэтага горада.








All the contents on this site are copyrighted ©.