2011-05-03 14:05:48

Мітрапаліт Кандрусевіч занепакоены новым законам


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі скіраваў адмысловую заяву ў сувязі з прыняццем Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь законапраекта аб рэпрадуктыўных тэхналогіях. Гэта адбылося 27 красавіка 2011 г. у першым чытанні.

Мітрапаліт заявіў, што Каталіцкі Касцёл “выступае катэгарычна супраць выкарыстання тэхналогій, якія супярэчаць хрысціянскаму паняццю годнасці сям’і, бацькоўства, дзетанараджэння і чалавечага эмбрыёна, а таксама значэння чалавечай сексуальнасці”.

Іерарх занепакоены, што ў новым законе адбываецца “аддзяленне паняцця жыцця ад паняцця сям’і як натуральнага асяроддзя, дзе зараджаецца і развіваецца жыццё, што з’яўляецца адным з найбольш згубных наступстваў культуры смерці”. Ён адзначае, што зачаты чалавек — (...) не можа быць прадметам жаданняў або прадуктам зачацця ў выніку медыцынскага ці біялагічнага ўмяшання.

Сур’ёзную заклапочанасць Мітрапаліта выклікаў той факт, што законапраект рыхтаваўся без кансультацый з рэлігійнымі арганізацыямі, асабліва з Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, якія маюць шмат напрацовак у гэтай галіне і пазіцыі якіх вельмі блізкія, а таксама без адпаведнага грамадскага абмеркавання.

У сувязі з гэтым, арцыбіскуп Кандрусевіч заклікаў “дзяржаўныя ўлады, усе маральна здаровыя сілы грамадства, навукоўцаў, рэлігійныя арганізацыі звярнуць увагу на гэтую праблему, каб не дапусціць парушэння галоўнага права чалавека на жыццё — самага вялікага Божага дару, і абразы яго годнасці”.







All the contents on this site are copyrighted ©.