2011-05-03 14:11:44

Міжнародны дзень свабоды слова


RealAudioMP3 3 мая адзначаецца Міжнародны дзень свабоды слова. З гэтай нагоды Генеральны сакратар ААН, а таксама Вярхоўны камісар гэтай арганізацыі па правах чалавека і Генеральны дырэктар ЮНЕСКА скіравалі свой адмысловы зварот. У ім адзначаецца, што мэта гэтага дня застаецца нязменнай, як і 20 гадоў таму, калі ён адзначаўся ўпершыню: “спрыяць свабодзе слова, як фундаменту годнасці чалавека і вуглавому камяню дэмакратыі”.

“Наш час характырызуецца адным вялікім парадоксам. - пішуць аўтары звароту - З аднаго боку, сучасныя тэхналогіі даюць больш магчымасцяў для абмену інфармацыяй і ўласнымі поглядамі. А з іншага боку, з’яўляюцца новыя пагрозы для свабоды слова. Штодзённа з’яўляюцца новыя сродкі, якія спрыяюць блакаванню, фільтрацыі і цэнзуры інфармацыі. Выклікі набываюць новыя характарыстыкі, але прадстаўляюць сабой парушэнне фундаментальнага права чалавека”.

У пасланні ААН на Міжнародны дзень свабоды слова адзначаецца, што існуе тэрміновая неабходнасць, “каб інтэрнэт стаў сродкам, дзякуючы якому можна пачуць галасы ўсіх”. “За апошнія 10 гадоў больш за 500 журналістаў страцілі сваё жыццё з прычыны сваёй прафесіі. - адзначаецца ў звароце - Толькі ў 2010 г. у свеце былі забіты каля 60 журналістаў. Кожны тыдзень прыходзяць паведамленні аб тым, што журналісты ці блогеры становяцца аб’ектамі запалохвання ці гвалту”.

Аўтары паслання на Міжнародны дзень свабоды слова заклікаюць да абароны журналістаў і падкрэсліваюць, што “ніколі не будзе забыта адвага тых, хто аддаў сваё жыццё дзеля нашага права валодаць інфармацыяй”.







All the contents on this site are copyrighted ©.