2011-05-03 14:11:25

"Homo caritatis". Публічнае вымярэнне хрысціянства


RealAudioMP3 У мінулай праграме мы пачалі размаўляць аб палітычнай супольнасці людзей і сацыяльным навучані Касцёла. Першае, на што мы звярнулі ўвагу – гэта біблійныя аспекты палітычнага жыцця. Мы ўбачылі, што палітычная арганізацыя з’яўляецца натуральным парадкам. Яе карані ляжаць у імкненні групы людзей больш эфектыўна дасягаць сваіх мэтаў, жыць у праўдзе, справядлівасці, свабодзе і міры. Мы таксама закранулі пытанне палітычнай улады, мэтай якой з’яўляецца: весці народы да гэтых мэтаў. Разумеючы палітыку менавіта такім чынам, мне падаецца натуральным імкненне хрысціян прымаць актыўны ўдзел у дзейнасці палітычнай супольнасці. Але сёння нам вельмі часта даводзіцца сустракацца з поглядамі аб тым, што вера павінна застацца нашай прыватнай справай, павінна быць схавана ад іншых і не перашкаджаць будаваць рэальнае жыццё. Тут перад намі паўстае пытанне: ці сапраўды наша вера мае грамадскае вымярэнне? Чаму наша вера мае права быць публічнай? Калі не адказаць на гэта пытанне, то немагчыма злучыць паміж сабой сваю веру і палітычную дзейнасць.

Давайце паспрабуем падумаць аб хрысціянстве так, нібыта яно не мае публічнага і гістарычнага вымярэння. Атрымліваецца, што Бог не можа нам сказаць нічога значнага аб арганізацыі нашага жыцця, нашых законах, нашай эканоміцы і жыцці нашага грамадства. Такім чынам сапраўды паміж верай і палітыкай заўсёды будзе заставацца прорва, якая падзяляе прыватнае і грамадскае. Вера будзе малітвай, культам, самаадданасцю, але яна не зможа пераўзыйсці інтымнае вымярэнне гэтых практыкаў, і такім чынам не зможа кіраваць грамадскай дзейнасцю. Але хрысціянства мае ў сабе шматлікія аспекты, які надаюць яму грамадскае значэнне.

Па-першае, хрысціянства гэта не тэорыя, філасофія ці чалавечая выдумка. Гэта, не містыка, якая павінна аддзяляць нас ад свету. Хрысціянства гэта сустрэча з Асобай Езуса Хрыста; Богам які ўвайшоў у гісторыю і стаў чалавекам – Езусам з Назарэту, які жыў у часы імператара Аўгуста, калі Понцій Пілат быў правіцелем Галілеі, Філіп быў тэтрархам Ітурэі, а Лісанія тэтрархам Абілеі, а першасвятарамі былі Анна і Каяфа. Гістарычнасць Езуса суправаджаецца гістарычнасцю падзеяў Яго жыцця, смерці і ўваскрасення. Ім прамаўляліся словы, рабіліся пэўныя учынкі. Існавалі сведкі гэтага, якія ўсё нам перадалі. Бог жыў сярод людзей. Чалавек не сустрэў Яго падчас медытацыі, як гэта бывае з абстрактнымі вобразамі, навуковымі тэорыямі ці норававучэннямі. Хрыстус не быў мудрацом ці духоўным лідэрам. Ён не быў іншым Сакратам ці новым Гандзі. Ён Сын Божы, які стаў чалавекам. Ён працягвае сваю прысутнасць у гісторыі. Ён і зараз ёсць сярод нас. Такім чынам сустрэча з Езусам з’яўляецца гістарычнай і рэальнай.

Важна адзначыць, што гэта сустрэча з’яўляецца супольнай. Евангелле нам распавядае, што Хрыстус жыў супольна з іншымі. Апосталы таксама перадалі свае веды іншым людзям аб’яднаным у супольнасць. У супольнасці вернікаў, якой з’яўляецца Касцёл, вера таксама з’яўляецца публічнай, гістарычнай і супольнай (хоць адначасова яна застаецца індывідуальнай). Хрысціянская літургія і малітва не аддзяляюць нас ад іншых людзей, ад гэтага свету, не вызваляюць ад яго, але дазваляюць сягаць да самай яго глыбіні.

Нарэшце, яшчэ адным важным аспектам, з’яўляецца тое, што Бог хрысціян з’яўляецца трынітарным, г.зн., Ён з’яўляеца Еднасцю, якая ўтвараецца ад адносінаў паміж трыма Асобамі. Троіца становіцца для нас узорам кожнай супольнасці. У гэтым кантэксце, яна паказвае нам, што шматлікасць людзей не супрацьстаіць нашай індывідуальнасці. Нават, наадварот праца над нашай індывідуальнасцю, над яе дасканаласцю, не адзяляе нас ад іншых, але спрыяе больш глыбокай еднасці з іншымі. Напрыклад, як сужонкі становяцца больш блізкімі адзін аднаму, калі больш глыбока працуюць над фарміраваннем сваёй індывідуальнасці. Гэта правіла таксама дзейнічае паміж людзьмі ў грамадстве. Трынітарная мадэль паказвае нам, што асоба аб’ядноўваецца з іншымі і стварае па-сапраўднаму новую супольнасць, у якой не губляе сябе, але наадварот адкрывае сваё пакліканне. У такім выпадку, супольнасць становіцца месцам персаналізацыі, месцам дзя “я” і “мы” не супрацьстаім, але дапаўняем адзін аднаго.

Мы разгледзелі некаторыя аспекты публічнасці хрысціянства. З іх становіцца бачна, што хрысціянству па-сапраўднаму ёсць што сказаць аб арганізацыі зямнога жыцця. І мы павінны аб гэтым казаць, таму што Божае пасланне скіравана да ўсіх людзей, не толькі індывідуальна, але і супольна. Гэта адна з прычынаў, чаму наша вера павінна мець публічны характар. Мы працягнем размаўляць аб гэтай тэме ў наступнай праграме.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка








All the contents on this site are copyrighted ©.