2011-05-02 12:11:56

Кардынал Бэртонэ пра Яна Паўла ІІ: “Мы дзякуем Пану за тое, што даў нам такога Папу”


RealAudioMP3 2 мая на плошчы св. Пятра адбылася св. Імша падзякі за беатыфікацыю Яна Паўла ІІ. Яе ўзначаліў Дзяржсакратар Яго Святасці папы Бэнэдыкта ХVI кардынал Тарчызіо Бэртонэ. У канцэлебрацыі прынялі ўдзел таксама каталіцкія іерархі і святары з Беларусі.

У сваёй гаміліі кардынал Бэртонэ падкрэсліў, што усё жыццё папы Яна Паўла ІІ характэрызавалася дыялогам любові паміж Хрыстом і чалавекам. Гэта праяўлялася ў яго адданым служэнні Касцёлу і Богу.

Кардынал Бэртонэ нагадаў, што новы благаслаўлёны быў чалавекам веры, Божым чалавекам, у якім жыў Бог. “Яго жыццё было пастаяннай, няспыннай малітвай, якая ахоплівала любоўю кожнага чалавека, створанага на вобраз і падабенства Бога, (...) Ён быў сапраўдным абаронцам кожнай чалавечай істоты, змагаром за палітычную і сацыяльную справядлівасць”.

Іерарх адзначыў, што для папы Яна Паўла ІІ “кожная жанчына і кожны мужчына былі сынамі, Божымі сынамі, незалежна ад расы, колеру скуры, геаграфічна-культурнага паходжання ці нават рэлігійных перакананняў. Яго адносіны да кожнага чалавека добра дэманстравалі яго словы: “Я служу кожнаму”.

Звяртаючыся да вернікаў кардынал Бэртонэ сказаў, што Касцёл дзякуе Пану за сведку веры, які навучыў, як трэба жыць верай і без страху абараняць хрысціянскія каштоўнасці; як трэба сведчыць з мужнасцю і паслядоўнасцю сваю веру ў штодзённым жыцці.

“Мы сёння дзякуем Пану за тое, што даў нам такога кіраўніка, які жывучы глыбокай верай ў Бога, умеў данесці людзям праўду аб памерлым і ўваскрослым Хрысце”, - адзначыў іерарх. - “Мы дзякуем Пану за тое, што даў нам такога Папу, які здолеў даць Каталіцкаму Касцёлу не толькі ўніверсальны і маральны аўтарытэт, ніколі не вядомы раней, але таксама паставу духоўную, біблійную, больш засяроджаную на Слове Божым. Дзякуючы гэтаму Касцёл змог аднавіцца, пачаць “новую евангелізацыю”, умацаваць экуменічныя і міжрэлігійныя адносіны і адшукаць шляхі для плённага дыялогу з маладым пакаленнем”, - адзначыў у сваёй гаміліі кардынал Дзяржсакратар.

На заканчэнне гаміліі ён адзначыў: “мы спяваем Пану гімн славы за тое, што даў нам чалавека веры і малітвы, пастыра і сведка, кіраўніка на пераломе двух тысячагоддзяў. Хай гэтая песня асвятляе нашае жыццё, каб мы не толькі ўшаноўвалі новага благаслаўлёнага, але з дапамогай Божай ласкі, прытрымліваліся яго навучання і прыкладу”.







All the contents on this site are copyrighted ©.