2011-05-01 11:43:12

Вігілія беатыфікацыі: святымі становяцца або пры жыцці, або ніколі


RealAudioMP3 Каля 200 тыс. чалавек прынялі ўдзел у вігіліі беатыфікацыі Яна Паўла ІІ, якая адбылася ў Рыме вечарам 30 красавіка. Падчас гэтага набажэнства, на тэрыторыі былога Вялікага Цырка, тысячы гарачых сэрцаў вернікаў злучыліся ў малітве і разважаннях над постаццю новага благаслаўлёнага.

Першым, сваімі ўспамінамі аб Яне Паўле ІІ падзяліўся доктар Хаакін Наварра-Вальс, былы кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы. “Той хто кажа “Святы зараз” трохі спазняецца, бо святымі становяцца або пры жыцці або ніколі”, - сказаў ён.

Сястра Марыя Сімон-Пьер расказала аб сваім аздараўленні ад хваробы Паркінсана дзякуючы малітве праз заступніцтва Яна Паўла ІІ. “Папа быў Пастырам дарагім Божаму сэрцу, блізкім да ўсіх – бедных, малых, хворых, абаронцаў жыцця, сем’яў”, - сказала сястра.

Сваімі ўспамінамі падзяліўся таксама кардынал Станіслаў Дзівіш, асабісты сакратар новага благаслаўлёнага. Іерарх прыгадаў заклікі Папы супраць мафіі, супраць вайны ў Іраку, ён распавёў аб сяброўстве Пантыфіка з італьянскім прэзідэнтам сацыялістам Перціні, а таксама аб апошніх момантах жыцця Яна Паўла ІІ. “Папа паказаў нам, як памірае сапраўдны хрысціянін”, - сказаў кардынал Дзівіш.

На заканчэнне ружанца, адбылося прамое ўключэнне з Апостальскага Палацу ў Ватыкане, адкуль папа Бэнэдыкт XVI удзяліў сабраным у Вялікім Цырку сваё благаслаўленне. Пасля вігіліі шматлікія вернікі працягнулі чуванне ў касцёлах, якія былі адчынены на працягу ўсёй ночы ў гістарычным цэнтры Рыма.







All the contents on this site are copyrighted ©.