2011-04-28 12:44:40

Нігерыя: павялічыўся паток бежанцаў хрысціян


RealAudioMP3 У Нігерыі ў выніку беспарадкаў, якія ахапілі краіну пасля абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, каля 40 тыс. чалавек вымушаны былі пакінуць свае дамы. На поўначы краіны, большасць насельніцтва, якое вызнае іслам, стала больш жорстка адносіцца да хрысціян, пачасціліся падпалы і рабаванні касцёлаў, паведамляе “Fides”. На сённяшні дзень ужо больш за 500 чалавек загінулі, гвалт ахапіў 14 з 36 нігерыйскіх штатаў.

Некаторыя аглядальнікі лічаць, што галоўнай прычынай беспарадкаў з'яўляецца не міжрэлігійны варожасць, а беднасць і эканамічная адсталасць паўночных штатаў.

Трэба нагадаць, што перамога дзеючага прэзідэнта краіны, выхадца з паўднёвых штатаў, хрысціяніна Гудлака Джонатана на выбарах 16 красавіка паслужыла прычынай шматлікіх акцый пратэсту і гвалту на пераважна мусульманскай поўначы. Жыхары паўночных штатаў лічаць, што вынікі прэзідэнцкіх выбараў былі сфабрыкаванымі.

Як вядома, за Джонатана прагаласавалі каля 22 млн. нігерыйцаў. Яго галоўны супернік, выхадзец з мусульманскай поўначы былы ваенны дыктатар Мухаммад Бухары атрымаў на 10 млн. галасоў менш. Многія жыхары поўначы меркавалі, што наступным прэзідэнтам краіны павінен стаць мусульманін, паколькі папярэдні прэзідэнт-мусульманін Умару Йар'Адуа, які памёр у мінулым годзе, не скончыў свайго тэрміну. Аднак на пост быў абраны былы віцэ-прэзідэнт хрысціянін Гудлак Джонатан.







All the contents on this site are copyrighted ©.