В'етнам: біскупы вітаюць першага з 1975 г. прадстаўніка Папы
В'етнамскія біскупы,
сабраныя на генеральнай асамблеі, якая адкрылася 25 красавіка ў Сайгоне, павіталі
прадстаўніка Апостальскай Сталіцы ў гэтай краіне, арцыбіскупа Леапольда Джыэллі. Ватыканскі
дыпламат стаў першым афіцыйным прадстаўніком Папы ў В'етнаме пасля камуністычнага
перавароту ў паўднёвай частцы краіны ў 1975 г.
Тэмамі пасяджэння біскупскай
канферэнцыі стануць: падрыхтоўка супольнага пастырскага паслання, удзел у Сусветных
днях моладзі ў Мадрыдзе, а таксама развіццё марыйнага санктуарыя ў Ла Ванг.
Як
паведаміла афіцыйнае інфармацыйнае агенцтва краіны “VNA”, в'етнамскі ўрад вітае "апошнія
дасягненні" у сваіх адносінах з Ватыканам. Віцэ-міністр замежных спраў Буй Тан Сон
падчас сустрэчы з арцыбіскупам Джырэллі адзначыў стварэнне новага клімату.
У
1988 г. папа Ян Павел II кананізаваў 117 в'етнамскіх мучанікаў XVIII і XIX cтагоддзяў,
чым выклікаў незадаволенасць тагачасных уладаў, якія заявілі, што кананізацыя "скажае
гісторыю краіны".
Ад 10 да 15 працэнтаў насельніцтва краіны належаць да Каталіцкага
Касцёла. В'етнам пасля Усходняга Тымора і Філіпін, трэці ва Усходняй Азіі па колькасці
католікаў.
У 2002 г. камуністычныя ўлады В'етнама ўпершыню дазволілі ўсім каталіцкім
біскупам краіны здзейсніць візіт “ad limina” у Рым. У 2009 г. Прэзідэнт краіны Нгуен
Мінь Трыет быў прыняты папам Бэнэдыктам XVI. Вынікам сустрэчы стала магчымасць прызначэння
спецыяльнага папскага пасланніка.