2011-04-26 13:00:25

“ІІ Ватыканскі Сабор – компас ІІІ тысячагоддзя”. Заканчэнне


RealAudioMP3 Ян Павел ІІ у Апостальскім лісце “Novo millennio ineunte”, напісаным пад канец Вялікага Юбілею 2000 года, дае нам праграму, ці хутчэй душпастырскі запавет, на ХХІ стагоддзе, - заўважае эксперт нашага радыё па Другім Ватыканскім Саборы, кс. Дарыюш Кавальчык, завяршаючы цыкл сваіх разважанняў - У завяршэнні ліста Папа піша: “што за багацце ў накірунках, якія Другі Ватыканскі Сабор даў нам. Таму ў падрыхтоўцы да Вялікага Юбілею я прасіў Касцёл, каб запытаў сябе: як прыняў вынікі прац Другога Ватыканскага Сабору. Ці прыняў іх?” (57), - напісаў Ян Павел ІІ. “Гэта пытанне суправаджала нас у гэтым цыкле, прысвечаным сабору”, - заўважае кс. Кавальчык і дадае, што прыняцце вынікаў прац Сабору яшчэ не скончылася.

Наш эксперт цытуе Яна Паўла ІІ, які лічыў, што тэксты сабору “з гадамі не губляюць сваёй каштоўнасці. Існуе неабходнасць, каб чыталіся (...) даследаваліся і прымаліся (57). Сапраўды, наша веданне сабору даволі павярхоўнае. Бэнэдыкт ХVI у сваёй кнізе “Святло свету” адзначыў, што “вынікі прац Другога Ватыканскага Сабору былі прынятыя ў свеце праз сродкі масавай інфармацыі а не праз яго тэксты”.

Паводле Яна Паўла ІІ, у саборы “мы знаходзім упэўнены компас, што накіроўвае нас у стагоддзе, якое пачынаецца” (57), - адзначае кс. Кавальчык. - Таму мы павінны ўспрымаць сабор праз яго тэксты, а не праз змрочнае пачуццё духа сабору, якое з’яўляецца сапраўдным антыдухам.

Часта мы не разумеем, што адным з самых вялікіх плёнаў Другога Ватыканскага Сабору з’яўляецца Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, - сцвярджае кс. Кавальчык. - Ян Павел ІІ спадзяваўся, што “пасля аднаўлення літургіі і новага выдання Кананічнага права (...) гэты катэхізіс зробіць важны ўклад у справу аднаўлення (...), якую жадаў і пачаў Сабор”.

Мы чытаем саборныя тэксты і катэхізіс для таго, каб магчы адказаць усім, хто пытае нас аб “прычыне надзеі, якая ёсць у нас”. ( пар. 1 П 3,15), - заўважае кс. Дарыюш Кавальчык на заканчэнне цыклу разважанняў над спадчынай Другога Ватыканскага Сабора.







All the contents on this site are copyrighted ©.