2011-04-26 13:20:16

Каталіцкія біскупы Беларусі аб чарнобыльскай трагедыі


RealAudioMP3 Каталіцкія біскупы Беларусі скіравалі адмысловы ліст, звязаны з 25-годдзем чарнобыльскай трагедыі. Іерархі запрашаюць паглядзець на тое, што адбылося чвэрць стагоддзя таму з перспектывы часу і не забывацца пра тых, хто прыйшоў з дапамогай жыхарам Беларусі ў 1986 г., а таксама сведчыў і сведчыць сваю падтрымку на працягу гэтых 25 гадоў.

“Гэтая трагедыя, што закранула значную частку Еўропы, а асабліва нашу краіну, - заўважаюць каталіцкія іерархі - выклікала таксама крыху іншы выбух – выбух чалавечай дабрыні тых, хто не быў абыякавы да людскога болю і цярпення. Урады многіх краін прапанавалі сваю дапамогу дзеля памяншэння наступставаў выбуху. Сотні ўрадавых і пазаўрадавых арганізацый аказалі дапамогу тым, хто нават не спадзяваўся на яе”.

У сваім лісце біскупы параўналі ахвяр катастрофы да біблійнай Самаранкі, якая прасіла Хрыста аб вадзе жыцця. “Тады, у 1986 г., было прынамсі 350 тысяч чалавек, якія былі вымушаны пакінуць свае дамы і выехаць. Яны словамі ці жэстамі звярталіся да ўсяго свету “Дай мне піць”. Шмат тысяч, а нават мільёнаў людзей ва ўсім свеце адказала на гэтую просьбу, бо бачылі ў гэтых пакрыўджаных Езуса”.

Іерархі заклікаюць да гістарычнай памяці пра катастрофу, яе наступствы і тых, хто прыйшоў і прыходзіць з дапамогай. “Нам, a менавіта новаму пакаленню, нельга забывацца пра падзеі, што адбыліся дваццаць пяць гадоў таму; - падкрэсліваюць біскупы - нельга забывацца пра тых людзей, якія тады адкрылі свае сэрцы, несучы маральную і матэрыяльную дапамогу пацярпелым”.







All the contents on this site are copyrighted ©.