2011-04-26 14:09:49

"Homo caritatis". Біблійныя аспекты палітычнага жыцця


RealAudioMP3 На працягу апошніх гадоў папа Бэнэдыкт XVI ужо некалькі разоў казаў аб тэрміновай неабходнасці фарміравання новага пакалення свецкіх хрысціян ў палітыцы. Адгукнуўшыся на гэты заклік Пантыфіка мясцовыя Касцёлы ў многіх краінах свету сталі надаваць больш увагі адукацыі вернікаў у сферы сацыяльнага навучання Касцёла, якое дае адказы на пытанні, што датычыць жыцця палітычнай супольнасці. Аб гэтай тэме мы пагаворым у сённяшняй праграме. Нашыя разважанні мы пачнем з біблійных аспектаў палітычнай жыцця. Менавіта са старонак Бібліі можна атрымаць уяўленне аб ролі і місіі палітычнай улады і аб адносінах паміж уладай і грамадствам.

Панаванне Бога

Цікава, што ў ізраільскага народа на першапачатковым этапе яго гісторыі не было караля. Гэта звязана з тым, што яўрэі вызнавалі толькі панаванне Бога – Ягвэ. Бог, уваходзіў у гісторыю праз харызматычных асобаў – прарокаў і судзяў. У апошняга з іх, Самуіла, народ папрасіў караля. Самуіл папярэджваў яўрэяў, што любая ўлада недасканалая і можа існаваць пагроза дэспатызму; аднак з іншага боку, улада з’яўляецца і дарам Бога, які прыходзіць на дапамогу свайму народу. У выніку, на панаванне быў намашчаны Саўл. Так у ізраільскага народа сфарміравалася адрознае ад іншых народаў разуменне улады: кароль, абраны Яхвэ і Ім намашчаны, будзе разглядацца як Яго сын і адпаведна, (увага!) павінен будзе зрабіць відавочным Яго панаванне і Яго план збаўлення. На гэтым палягала і місія яўрэйскага караля – быць абаронцам слабых і гарантаваць народу справядлівасць. Крытыка ўладароў з боку прарокаў палягала менавіта ў не выкананні каралямі гэтага іх абавязку.

Езус Хрыстус і палітыка

Езус Хрыстус таксама не ўспрымае і крытыкуе дэспатычную ўладу князёў, якія прыгнятаюць народы, а таксама іх прэтэнзіі на тое, каб называцца дабрадзеямі, аднак ён ніколі не супрацьпастаўляў Сябе уладам Свайго часу. У сваіх словах, аб неабходнасці плаціць налог Цэзару, ён кажа аб тым, што трэба аддаць Богу Божае. Гэтым ён асуджае любую спробу абагаўлення і абсалютызацыі зямной улады: толькі Бог, можа патрабаваць ад чалавека ўсяго. Аднак, у той жа час зямная ўлада таксама мае права на тое, што ёй адпавядае: Езус не лічыць несправядлівым плаціць налогі Цэзару.

Варта адзначыць, што і сам Езус быў спакушаны палітычным месіянствам. Узгадайце, што падчас выпрабаванняў у пустыні, Сатана праноўваў Яму панаванне над усімі народамі. Аднак Хрыстус перамог, гэту спакусу. Ён – Сын Чалавечы, які прыйшоў для таго, “каб служыць і аддаць сваё жыццё”. Таксама і Сваіх вучняў, якія спрачаліся, хто з іх большы, Езус навучаў дзяліцца апошнім і служыць усім. Бэнэдыкт XVI ў сваёй апошняй кнізе “Езус з Назарэта” звяртае ўвагу на тое, што Езус надаў асаблівае значэнне палітыцы, указаўшы сынам Завядзеевым, Якубу і Яну, шлях крыжа.

Акрамя таго, варта заўважыць, яшчэ адзін важны аспект, а менавіта падзел паміж рэлігіяй і палітыкай. Хоць у многіх краінах свету ён да сённяшняга дня яшчэ не адбыўся, пачатак яму быў пакладзены яшчэ две тысячы гадоў таму. Бэнэдыкт XVI у сваёй кнізе “Езус з Назарэта”, апавядаючы аб моманце асуджэння Хрыста на смерць, звяртае ўвагу на постаці Каяфы. У тыя часы паняцці палітыкі і рэлігіі былі неразлучныя. Разумеючы гэта, становіцца відавочным асаблівая зацікаўленасць дынастыі першасвятароў Анны і Каяфы, у палітычнай уладзе. Таму ў рашэнні асудзіць Езуса на смерць праглядаецца не толькі “легітымнае жаданне клапаціцца аб рэлігіі і народзе”, але таксама “эгаістычная манія ўлады, з боку дамінуючай групы” . “Езус, у сваім прапаведванні і сваіх справах, - піша Папа - абвясціў непалітычную ўладу Месіі і пачаў падзел паміж палітыкай і рэлігіяй. Аднак гэты падзел быў магчымы толькі праз крыж”.

Першахрысціянскія супольнасці і палітычная ўлада

У апостальскіх пасланнях, знаходзяцца шматлікія сведчанні, якія апавядаюць аб адносінах паміж вучнямі Хрыста і палітычнымі ўладамі. Св. Павел кажа, што адносіны да ўладаў павінны быць не пасіўнымі, але згодна з сумленнем. Важным з’яўляецца тое, што Апостал народаў, не апраўдвае любую ўладу, але імкнецца дапамагчы хрысціянам чыніць дабро усім людзям, у тым ліку і ў адносінах да уладаў, таму што яны служаць Богу дзеля дабра асобы. Апостал Пётр таксама заклікае да свабоднай і адказнай пакоры перад уладамі, якія клапоцяцца аб агульным дабры і рэалізуюць справядлівасць.

Падчас пераследаў апостал Павел заклікае да малітвы за улады. У гэтай малітве ясна адзначана, што палітычная ўлада павінна гарантаваць спакойнае і мірнае жыццё. Калі чалавечая ўлада выходзіць за межы парадку, які падабаецца Богу, абагаўляе сябе і патрабуе абсалютнага падпарадкавання, яна пераўтвараецца ў апакаліптычнага звера, які спакушае людзей цудамі і прымушае іх пакланяцца яму. У Апакаліпсіс св. Яна, на прыкладзе гэтага звера паказваецца на якія ўлоўкі здольны Сатана, каб кіраваць людзьмі, пранікаючы ў іх дух з дапамогай падману. Св. Ян раіць не падпарадкоўвацца такой уладзе, як гэта рабілі мучанікі.

Як бачна, біблійнае пасланне нагадвае нам аб тым, што ўлада паходзіць ад Бога і з’яўляецца састаўной часткай створанага Ім парадку. Як пісаў у сваёй энцыкліцы “Pacem in terris” (“Мір на зямлі”) папа Ян ХХІІІ, “такі парадак успрымаецца сумленнем і рэалізуецца ў сацыяльным жыцці праз спрыянне праўдзе, справядлівасці, свабодзе і салідарнасці, якія прыносяць мір”.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка







All the contents on this site are copyrighted ©.