2011-04-25 12:45:27

Святы Айцец выказаў сваю салідарнасць з цыганамі


RealAudioMP3 У мінулую пятніцу, 22 красавіка, у Рыме адбыўся інцыдэнт з высяленнем групы цыганаў з іх лагеру непадалёк ад італьянскай сталіцы. Пасля гэтага яны прыбылі пад базыліку св. Паўла за Мурамі, каб такім чынам прыцягнуць увагу да сваёй трагедыі і атрымаць падтрымку з боку ўладаў гораду. Цыгане намагаліся разбіць свой табар пры ўваходзе ў базыліку. Пасля таго, як ім не дазволілі зрабіць гэтага, яны паставілі намёты непадалёк ад храма.

У сувязі з інцыдэнтам кс. Фэдэрыко Ламбардзі, кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы, зрабіў адмыслову заяву. Ён адзначыў , што “у першы дзень Вялікадня, 24 красавіка, арцыбіскуп Фернандо Філоні, сакратар па агульных справах Дзяржсакратыята, наведаў базыліку св. Паўла, каб выказаць цыганам блізкасць Папы”. Кс. Ламбардзі паведаміў, што пры ўдзеле дабрачыннай арганізацыі “Caritas” знойдзена рашэнне гэтай праблемы. 25 красавіка цыгане будуць накіраваныя ў цэнтры “Caritas”, дзе змогуць пражываць далей”.

“Варта адзначыць, - заявіў кс. Ламбардзі, - што дзеянні ватыканскай жандармэрыі падчас гэтага інцыдэнту былі вельмі карэктнымі і гуманнымі. Яны праводзіліся ў каардынацыі з “Caritas” і кампетэнтнымі органамі грамадскай бяспекі. “Маем надзею, што гэта часовае рашэнне дасць аснову адшуканню пастаяннага месца пражывання для гэтай групы цыганаў”,- адзначыў кс. Фэдэрыко Ламбардзі







All the contents on this site are copyrighted ©.