2011-04-25 14:43:46

Наварра-Вальс пра Яна Паўла ІІ: я разумеў, што маю справу са святым


RealAudioMP3 Былы кіраўнік прэс-службы Апостальскай Сталіцы, доктар Хаакін Наварра-Вальс, у інтэрв’ю італьянскай газеце “La Repubblica” расказаў аб штодзённым жыцці Яна Паўла ІІ. Адзін з самых блізкіх супрацоўнікаў Пантыфіка адзначыў, што Ян Павел ІІ “не прыйшоў на Пасад Пятра, каб вызваліць Усходнюю Еўропу ад камунізму, але, каб распаўсюджваць пасланне аб цэнтральным месцы чалавечай асобы, істоты, якая існуе, бо мае Стварыцеля і ў гэтай ісціне мусіць адшукаць сябе”.

Наварра-Вальс нагадаў аб тым, што Ян Павел ІІ “не змарнаваў ані хвіліны ў сваім жыцці і ніколі не спяшаўся” і адзначыў, што “Папе было не важна, што знаходзііца ў талерцы. У некаторыя перыяды года ён еў толькі адзін раз у дзень. Напярэдадні біскупскіх або святарскіх пасвячэнняў пасціў”.

Папа ніколі не рыхтаваўся да перадач на тэлебачанні, не вывучаў “жэстаў”, не цікавіўся тым, дзе будуць камеры. “Спачатку мяне гэта турбавала, бо ведаў, што камера можа быць жорсткай. - сказаў Наварра-Вальс - Але для Папы размова азначала дзяленне праўдай, а не стварэнне выгляду”.

На пытанне, ці Ян Павел ІІ злаваўся, Хаакін Наварра-Вальс адказаў: “Рэдка, але так, калі на гэта была слушная прычына”. “Адзіныя сітуацыі, калі я бачыў яго раззлаваным, калі гэта ўласцівае слова, заўсёды здараліся ў абліччы фізічнага ці маральнага гвалту ў дачыненні да людзей. Як напрыклад вайна ў Ліване або на Балканах. Так было і ў выпадку ўмяшання ў Іраку. Папа вельмі працівіўся гэтай вайне”.

Наварра-Вальс прызнаўся, што падчас нараджэння “Салідарнасці” у Польшчы Рональд Рэйган шмат разоў пісаў Яну Паўлу ІІ. Адпраўляў у Рым пасланнікаў. “Рэйган казаў пра Расію, як “імперыю зла”. Гэта акрэсленне Папа ніколі не выкарыстаў, бо ведаў, што хрысціянства існавала ў Расіі ўжо на працягу тысячы гадоў”.

Наварра-Вальс прызнаўся, што 21 год, праведзены каля Яна Паўла ІІ, ён зразумеў, што мае справу са святым. “У мяне не было сумненняў”, - запэўніў былы супрацоўнік будучага благаслаўлёнага.







All the contents on this site are copyrighted ©.