2011-04-24 12:39:41

Бэнэдыкт XVI падчас “Urbi et Orbi”: будаваць грамадства, дзе кожны палітычны выбар будзе натхнёны павагай да чалавечай асобы


RealAudioMP3 24 красавіка, у першы дзень Пасхі, пасля ўрачыстай св. Імшы Бэнэдыкт XVI удзяліў сваё святочнае благаслаўленне “Urbi et Orbi”. З цэнтральнага балкона базылікі св. Пятра Пантыфік прамовіў сваё традыцыйнае пасланне, а затым павіншаваў сабраных з урачыстасцю Уваскрасення Хрыста на 65 мовах. “Хрыстос уваскрос”, - сказаў ён, звяртаючыся да беларускіх вернікаў.

Дарагія браты і сёстры Рыма і ўсяго свету! - звярнуўся да сабраных Папа -

Пасхальны світанак прынёс нам старадаўнюю навіну, але заўсёды новую: Хрыстус сваскрос! Рэха гэтай падзеі, якая мела пачатак у Ерузалеме дваццаць стагоддзяў таму, працягвае гучаць у Касцёле і несці жыццё ў сэрцы, дзякуючы пульсуючай веры Марыі, Маці Езуса, дзякуючы веры Марыі Магдалены і іншых жанчын, якія першымі ўбачылі пустую магілу, дзякуючы веры Пятра і іншых апосталаў.

Да сённяшняга дня, нягледзячы на наш час высокіх тэхналогій, хрысціянская вера асноўваецца на гэтай вестцы, на сведчанні сясцёр і братоў, якія першымі ўбачылі адсунуты камень і пустую магілу, таямнічых пасланнікаў, якія засведчылі, што Езус, якога ўкрыжавалі, уваскрос; што Ён Настаўнік і Пан, жывы і бачны явіўся Марыі Магдалене, двум вучням у Эмаўсе, а затым і адзінаццаці, сабраным у Вячэрніку.

Уваскрасенне Хрыста не з’яўляецца плодам нейкай спекуляцыі, гэта містычны досвед: падзея, якая, несумненна, знаходзіцца па-за гісторыяй, але заўсёды з’яўляецца гістарычным момантам, які пакінуў у гісторыі несціральны след. Святло, якое асляпіла вартаўнікоў, пастаўленых пільнаваць магілу, прасякнуў час і прастору. Гэта іншае святло, святло Божае, якое разарвала цемру смерці і прынесла ў свет Божую яснасць Праўды і Дабра.

Так, як промні сонца, вясной асвячаюць і грэюць галінкі дрэў, дзякуючы якім яны распускаюцца, так яснасць, якая зыходзіць ад уваскрослага Хрыста, дае сілу і сэнс кожнай чалавечай надзеі, кожнаму чаканню, жаданню, праекту. Таму радуецца сёння ўсе наваколле, увесь космас, уцягнуты ў вясну чалавецтва, якое няспынна спявае гімн хвалы ўсяму стварэнню. Пасхальнае Аллелюя, якое спявае пілігрымуючы Касцёл у свеце, уключае ў сябе ціхае праслаўленне сусвету, а асабліва памкненні шчырай, адкрытай на Бога, чалавечай душы, удзячнай Яго бязмежнай міласэрнасці, прыгажосці і праўдзе.

“З уваскрасення Твайго, Хрысце, радуюцца нябёсы і зямля”. На гэтае запрашэнне праслаўлення, якое сёння выходзіць з сэрца Касцёла, “нябёсы” адказваюць у поўнай меры: хоры анёлаў, святых і благаслаўлёных аднадушна яднаюцца ў нашым праслаўленні. Усе нябёсы ў супакоі і радасці. Але, на жаль, не так адбываецца на зямлі. Тут, у гэтым свеце, пасхальнае Аллелюя кантрастуе з лямантам і крыкам з прычыны розных балесных сітуацый: беднасці, голаду, хваробаў, войнаў, насілля. Таксама з-за гэтага Хрыстус памёр і ўваскрос! Памёр з-за сённяшніх грахоў і ўваскрос для збаўлення гісторыі таксама нашых дзён. Таму сённяшняе пасланне, прароцкім чынам, скіравана да ўсіх народаў і супольнасцяў, асабліва да тых, якія перажываюць балючы час, няхай Хрыстус адчыніць ім шлях да свабоды, справядлівасці і супакою.

Няхай узрадуецца зямля, якая першая была напоўнена святлом Уваскрослага. Полымя Хрыста няхай прыдзе да народаў Блізкага Усходу, каб святло супакою і чалавечай годнасці перамагло цемру падзелу, нянавісці і гвалту. У Лівіі дыпламатыя і дыялог няхай заменяць зброю і спрыяюць у сённяшняй канфліктнай сітуацыі доступу да гуманітарнай дапамогі тым, хто церпіць ад наступстваў канфлікту. Няхай у краінах Паўночнай Афрыкі і на Блізкім Усходзе ўсе грамадзяне, асабліва моладзь, зробяць ўсё магчымае для супольнага дабра, каб будаваць грамадства, дзе беднасць будзе пераможана і кожны палітычны выбар будзе натхнёны павагай да чалавечай асобы. Да ўсіх бежанцаў і тых, хто быў вымушаны ўцякаць з афрыканскіх краін, няхай дойдзе чалавечая салідарнасць; каб людзі добрай волі былі асвечаны адкрытасцю серцаў, каб у еднасці і згодзе маглі выходзіць насустрач перакананням іншых братоў і сясцёр; няхай да ўсіх, хто прысвяціў свае шчодрые намаганні і ахвярнае сведчанне у гэтым накірунку, дойдзе нашая ўдзячнасць.

Няхай адновіцца мірнае суіснаванне паміж народамі Кот д’Івуара, дзе існуе патрэба паяднання і прабачэння, каб залячыць глыбокія раны, выкліканыя нядаўнім насіллем. Няхай знойдзе суцяшэнне і надзею зямля Японіі, якая сутыкнулася з драматычнымі наступствамі апошняга землятрусу, а таксама краіны, якія ў апошнія месяцы пацярпелі ад розных прыродных бедстваў, што пасеялі цярпенне і трывогу.


Радуюцца нябёсы і зямля сведчаннем усіх тых, хто церпіць з прычыны супярэчнасцяў або пераследу за сваю веру ў Хрыста. Няхай абвяшчэнне Яго пераможнага ўваскрасення ўсяляе ў іх мужнасць і давер.

Дарагія Браты і Сёстры! Уваскрослы Хрыстус ідзе перад намі да новых нябёсаў і новай зямлі (пар. Ап 21, 2), дзе, нарэшце, усе мы будзем жыць як адна сям’я, як дзеці аднаго Айца. Ён з намі да канца часоў. Ідзём за Ім у гэтым зраненым свеце, спяваючы Аллелюя. У нашых сэрцах ёсць радасць і цярпенне, на нашым твары ўсмешка і слёзы. Такою з’яўляецца наша зямная рэальнасць. Але Хрыстус уваскрос, Ён жыве і спадарожнічае нам. Таму спяваем і ідзём, верныя нашым абавязкам у гэтым свеце, углядаючыся ў Нябёсы.


Добрых вялікодных святаў усім!








All the contents on this site are copyrighted ©.