Бэнэдыкт XVI падчас Пасхальнай вігіліі: Уваскрасенне – інаўгурацыя новай формы жыцця
23 красавіка ўвечары
Бэнэдыкт XVI узначаліў літургію Пасхальнай вігіліі, якая традыцыйна прайшла ў базыліцы
св. Пятра ў Рыме. У сваёй гаміліі Святы Айцец разважаў над значэннем узгадвання ў
святочнай літургіі акту стварэння Сусвету.
Пантыфік заўважыў, што не ўзгадваць
аб акце стварэння Сусвету азначае не разумець і паменшыць гісторыю адносінаў паміж
Богам і чалавекам. “У Сімвале веры мы кажам “Веру у Бога, Айца Усемагутнага, Стварыцеля
неба і зямлі”, - сказаў Папа і дадаў: “Касцёл не з’яўляецца адной з асацыяцый, якая
займаецца задавальненнем рэлігійных патрэбаў людзей, але ён вядзе чалавека да кантакту
з Богам, г.зн. пачаткам усяго, што існуе”. Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што менавіта таму
мы глядзём на Бога як на Стварыцеля і таму маем адказнасць за кожнае стварэнне”.
Далей
Святы Айцец, прыгадаў аб значэнні выразу з Евангелля св. Яна “на пачатку было Слова”.
“Свет з’яўляецца плёнам “слова” – “Логаса”. - сказаў Папа - “Логас” азначае “розум”,
“сэнс”. Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу, што аповед аб стварэнні кажа нам, што ўвесь свет
з’яўляецца плёнам творчага розуму, любові і свабоды. “Таму і мы павінны заўсёды быць
прыхільнікамі розуму, свабоды і любові – быць прыхільнікамі Бога, які любіць нас,
які пакутаваў за нас, і дзякуючы чыёй смерці мы можам імкнуцца да новага, аздароўленага,
поўнага жыцця”, - сказаў Папа.
У апошняй частцы гаміліі Бэнэдыкт XVI адзначыў,
што ўстанаўленне святкавання Нядзелі, першага дня тыдня, замест суботы, сёмага, магло
быць звязана толькі з тым, што ў гэты дзень адбылася вельмі важная падзея. “Свет змяніўся.
- падкрэсліў Папа - Пачалося новае жыццё. Той, хто быў забіты, пачаў жыць новым жыццём,
якому больш не пагражала смерць. Адбылася інаўгурацыя новай формы жыцця, новага вымярэння
стварэння. Таму мы святкуем дзень Бога, Стварыцеля, а таксама Яго стварэння”.