2011-04-23 16:28:24

"З сэрцам у кантакце". VI і ІХ запаведзі


RealAudioMP3 Сёньня я распавяду вам пра дзьве запаведзі – шостую і дзевятую. Чаму такое спалучэньне? Вось жа гэтыя запаведзі блізкія па сэнсу, таму варта іх разгледзіць разам. У Сьвятым Пісаньні яны запісаныя так: “Ня чыні пералюбу” (Вых 20, 14) і “Не жадай жонкі блізкага твайго” (Другі закон 5, 21а).

Для сучаснага чалавека гэта запаведзь (найчасьцей яе разумеюць, як забарону сэксуальных адносін перад шлюбам) выклікае зьдзіўленьне. Большасьць, асабліва маладых людзей, разважаюць прыкладна так: “Калі я ня супраць, і калі яна (ён) ня супраць, то чаму не?”.

Паколькі такое пытаньне застаецца для моладзі актуальным, давайце пачнем гэтыя нашыя разважаньні, аб шостай і дзевятай запаведзях, з таго, каб паспрабаваць даць на гэтае пытньне годны адказ. Сапраўды запаведзь “не чужалож” забараняе, між іншым, сэксуальныя адносіны перад шлюбам... Або лепш было б сказаць запаведзь хоча нам указаць на тое, што гэта не ўласьцівы, фальшывы шлях да шчасьця!

Уявіце сабе, хлопца, які хоча кіраваць аўтамабілем. Ён марыць аб ім, нават прачытаў адну кніжку пра яго... Але цяпер уявіце, што ён сядае ў рэальнае аўто і выезджае на прашпект! Лёгка можам зразумець у чым памылка гэтага хлопца. Паміж яго захапленьнем машынамі і рэальнай паездкай у горад павінна было знаходзіцца яшчэ нешта. Менавіта, ён павінен быў прайсці пэўны шлях: навучыцца правілам, папрактыкавацца з інструктарам, здаць іспыт... Бяз гэтага ягоная прысутнасьць у аўтамабіле была НЕ АДЭКВАТНА (НЕ АДПАВЯДАЛА) ягонаму стану падрыхтоўкі.

Адэкватная мова

Наколькі ж людзі больш складаныя за машыны! Паміж людзьмі існуюць таксамы этапы развіцьця і мова ўзаемаадносінаў. І гэтая мова павінна быць адэкватна адпаведным этапам развіцьця.

Уявіце сабе, што на вуліцы да нас падыходзіць незнаёмы чалавек і пачынае размаўляць з намі на “ты” і панібрацкі хлопае нас па плячу. Такія паводзіны могуць нас зьдзівіць і мы можам падумаць, што гэты чалавек прынамсі ня выхаваны належным чынам. Тое, што зусім нармальна было б чакаць ад нашага блізкага сябра, зусім не адпавядае, у гэтым выпадку, статусу незнаёмага чалавека.

Гэтыя доўгія ўступы і прыклады, якія я тут з інтузіазмам вам распавядаю, датычаць таксама і ўзаемаадносінаў паміж мужчынам і жанчынай. Я сьцьверджваю, што перадшлюбныя сэксуальныя адносіны зьяўляюцца заўсёды неадэкватнымі (не адпавядаюць) рэальнаму стану ў якім знаходзяцца хлопец і дзяўчына. Яны пераскочылі адзін этап. Гэты этап зьмяшчаецца толькі ў адным сказе: “Я абяцаю табе, любоў, веру і вернасьць сужэнскую аж да сьмерці”.

Каханьне і адказнасьць

“Я абяцаю табе, любоў, веру і вернасьць сужэнскую аж да сьмерці” - “Ах, ну што ж гэты сказ мяняе ў нашых адносінах?” – так звычайна рэагуюць маладыя людзі, калі чуюць пра неабходнасьць шлюбнага прырачэньня...

Вось жа, гэты сказ мяняе шмат. Гэтым сказам будучы сужонак (сужонка) дэкларуе, што бярэ на сябе адказнась за іншага чалавека. Гэта адказнасьць у тым, каб яго любіць, захоўваць вернасьць, і аказваць яму пашану аж да сьмерці. Быць можа для сучаснага чалавека – гэта парадокс, але ніколі не бывае каханьня, любові без адказнасьці!

Вось, напрыклад, ты жывеш сэксуальным жыцьцём перад шлюбам. А ці ты ўпэўнена, што калі зацяжарыш, то твой хлопец цябе ня кіне, а ты ўпэўнены, што ня кінеш сваёй дзяўчыны з тваім дзіцём. Не спяшайся станоўча адказаць на гэтае пытаньне. Статыстыка, на жаль, адказвае не на тваю карысьць...

Яшчэ сёньня табе здаецца, што ты добра ведаеш сваю сяброўку, а заўтра яна табе скажа, каб ты не разкідваў свае шкарпеткі па ўсёй кватэры, а яшчэ горш: тонам амерыканскга сяржанта загадае табе выкінуць сьмецьце! А ты, сяброўка, ці гатова пачуць ад сваго хлопца, калі прыйдзе стомлены з працы позна ўвечары, што нягледзічы на тое, што працаваў увесь месяц так як трэба, не зарабіў дастаткова грошаў? Любоў – гэта ня проста эмоцыі. Любоў неаддзяліма ад вернасьці.

Развод

Шостая і дзевятая запаведзі забараняюць разводы. У Старым Запавеце Майсей дазваляе даваць развадны ліст, аднак у Новым Запавеце Ісус адкідае такую магчымасьць кажучы: «Што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае». Часамі людзі маюць прэтэнзіі да Каталіцкай Царквы за тое, што яна не дазваляе браць другі шлюб, ці развадзіцца. Аднак гэтыя прэтэнзіі трэба было б кіраваць не да Царквы, але да Бога.

Кантрацэпцыя

RealAudioMP3 Яшчэ некалькі слоў пра пытаньне кантрацэпцыі. Ужо ў кантэксьце пятай запаведзі «Не забій» мы сьцьвердзілі, што існуюць кантрацэптыўныя сродкі, якія толькі называюцца «катрацэптыўнымі», але насамрэч маюць абартыўны характар. Такія сродкі забіваюць новае жыцьцё, таму для нас, хрысьціянаў, няма ніякіх нават сумніваў, што такая «кантрацэпцыя» недапушчальна.

Аднак застаецца пытаньне кантрацэпцыі, такіх сродкаў, якія сапраўды перашкаджаюць запладненьне яйцеклеткі сперматазоідам. У свой час Папа Рымскі Павел VI напісаў і абвесьціў энцыкліку «Humanae vitae» - «Чалавечае жыцьцё». Гэтая энцыкліка выклікала вялікі рэзананс ва ўсім сьвеце.

Катэхізіс каталіцкай Царквы выразна кажа, што кантрацэпцыя ў кожный яе форме не дапушчальна. Узьнікае пытаньне: чаму? «Чаму Царква ўлазіць у спальню сужонкаў?» - так запытаў мяне адзін карэспандент. Царква не ўлазіць ані ў спальню, ані ў ложак да сужонкаў. Сама такая фармуліроўка ад пачатку зьяўляецца памылковай, бо зыходзіць з таго, што навука Царквы знаходзіцца ў апазіцыі да чалавека і да рэальнага жыцьця. Аднак гэта ня так. Царква - не паліцэйскі, які толькі і чакае, калі мы парушым закон, каб кінуць нас у вязьніцу. Царква – нашая Маці, якая нам паказвае бяспечную дарогу.

Вельмі часта людзі гавораць: «Я не разумею, чаму нельга ўжываць кантрацэптывы, каму гэта шкодзіць?». Мае дарагія, можна тут прывесьці шмат аргументаў, але пытаньне, ці гэтыя аргументы нас пераканаюць... Справа ў тым, што мы, людзі, бачым, толькі сёньняшні дзень, але Бог бачыць жыцьці ўсіх людзей, бачыць усе прычыны і ўсе наступства.

На захадзе, шмат жанчынаў хваруюць на ракавыя захворваньні. Даследчыкі сцьвердзілі, што гэта дочкі тых жанчынаў, якія карысталіся тагачаснымі кантрацэптыўнымі сродкамі. Бачым, што грэх адгукнуўся праз пакаленьне. Аднак, некаторыя хваробы могуць выступаць таксама ў трэцім і пятым пакаленьні. Ці гэта не даказвае мудрасьць навукі Каталіцкай Царквы?

Натуральныя метады планаваньня сям'і

Аднак, паўстае пытаньне, ці забарона кантрацэпцыі азначае, што жанчына ператвараецца ў машыну па нараджэньню дзяцей? Не, Каталіцкая Царква зьвяртае нашую ўвагу на Натуральныя метады планаваньня сям'і (НМПС). Сам Бог так стварыў цела жанчыны, што ёсьць дні плодныя і няплодныя. І менавіта гэты факт ляжыць у аснове НМПС. Некаторыя недабразычліўцы кажуць пра Натуральны метад, што гэта ватыканская рулетка, аднак гэта ня праўда. НМ – не рулетка, а вельмі дакладны метад пры дапамозе якога можна вызначыць момант авуляцыі. Дзякуючы гэтаму можна запланаваць пачацьце, адкласьці яго ў часе. Сам метад не зьяўляецца складаным, аднак патрабуе адказнасьці і сістэматычнасьці. Ён ангажуе абодвух сужонкаў. Метаду трэба вучыцца ў настаўнікаў НМПС. Пры самастойным вывучэньні ёсьць рызыка не зразумець некаторыя ключавыя моманты метаду. Каб знайсьці настаўнікаў метаду, запытайце свайго пробашча, які дасьць вам кантактную інфармацыю.

На гэтым, сябры, я - а. Андрэй Буйніч - развітваюся з вамі. У эфіры была перадача «З сэрцам у кантакце». Лістуйце на мэйл zsercam@gmail.com Да хуткай сустрэчы.







All the contents on this site are copyrighted ©.