2011-04-22 15:18:34

Опера, прысвечаная Яну Паўлу ІІ


RealAudioMP3 26 красавіка ў італьянскіх музычных крамах з’явяцца CD- і DVD-дыскі з музычным творам, прысвечаным папе Яну Паўлу ІІ. Опера пад назвай “З глыбінь зямлі” паўстала 6 гадоў таму, у год смерці Слугі Божага. Праект прымеркаваны да беатыфікацыі Пантыфіка.

Опера ўпершыню была пастаўлена ў Аўдыторыі “Арсенала міру” у Турыне, былой сядзібе Нацыянальнага сімфанічнага аркестра італьянскага тэлебачання. На DVD знаходзяцца таксама шматлікія інтэрв’ю і сведчанні пра Яна Паўла ІІ.

Твор “З глыбінь зямлі” мае вялікую культурную і маральную каштоўнасць. У яго запісы, які адбываўся на працягу трох гадоў, прымала ўдзел моладзь з розных краін свету. Гэта больш за 200 выканаўцаў і 10 харавых калектываў. У оперы выкарыстаны інструменты розных этнічных і музычных традыцый. Музыка прадстаўляе свет “бедных гэтай зямлі”: зняволеных, бежанцаў, місіянераў.

У творы паказваецца сустрэча з трагедыяй, якая не мае межаў, перажываючы якую, Ян Павел ІІ перамяняе ў простыя словы зразумелыя кожнаму. Дыск з’явіцца ў продажы 1 мая, у дзень беатыфікацыі Яна Паўла ІІ.







All the contents on this site are copyrighted ©.