2011-04-22 15:33:17

Бэнэдыкт XVI адказаў на пытанні вернікаў у тэлеэфіры


RealAudioMP3 22 красавіка, на італьянскім тэлеканале “Rai” адбылася трансляцыя праграмы “На свой вобраз” падчас якой папа Бэнэдыкт XVI адказаў на 6 пытанняў, якія яму былі дасланы людзьмі з розных куткоў свету. Гэтыя пытанні закраналі самыя розныя сферы жыцця сучаснага чалавека. Напрыклад, сямігадовую японку цікавіла, чаму адбылася трагедыя землятрусу і цунамі ў яе краіне. Святы Айцец, сказаў, што ў яго самаго ўзнікаюць пытанні, чаму адны людзі павінны пакутаваць, а іншыя мець камфортнае жыццё. “Аднак, мы ведаем, што Езус таксама пакутаваў як і вы, і цяпер ён стаіць побач з вамі. - сказаў Папа - Аднойчы мы зразумеем, што гэта не былі пустыя цярпенні, што за імі стаяў вялікі план любові”.

Са сваім складаным пытаннем да Папы звярнулася італьянка, дзіця якой ужо шмат гадоў знаходзіцца ў коме. “Ці ў ім жыве яшчэ душа?”, - спытала яна Пантыфіка. Душа дзіцяці без сумневу жыве ў целе, - адказаў Бэнэдыкт XVI - і нават адчувае любоў і клопат людзей якія знаходзяцца побач, хоць і не разумее дэталяў і словаў. Святы Айцец, дадаў, што “прысутнасць бацькоў побач з гэтым дзіцяці, з’яўляецца вялікім сведчаннем веры і любові, нават у такой сумнай сітуацыі”. “Тое што вы робіце, з’яўляецца вялікім служэннем чалавецтву, знакам павагі да жыцця”, - сказаў Папа.

Падчас праграмы былі закрануты праблемы звязаныя з пераследамі, гвалтам і парушэннем правоў чалавека ў Іраку і Кот д’Івуары. Бэнэдыкт XVI, адзначыў, што тыя, хто пакутуе, асабліва блізкія яго сэрцу і Апостальская Сталіца робіць усё магчымае, каб спыніць насілле ў гэтых краінах. Папа заахвоціў хрысціян Ірака актыўна спрыяць усталяванню супакою і прымірэння сярод прадстаўнікоў усіх рэлігій гэтай шматкультурнай краіны. Да дыялогу і ўстрымання ад гвалту Пантыфік заклікаў таксама і жыхароў Кот д’Івуара.
Падчас праграмы “На свой вобраз” Бэнэдыкт XVI, адказаў таксама на пытанні, якія датычылі смерці і Уваскрасення Хрыста. Кажучы аб сэнсе зыходу Езуса да адхлані, Папа заўважыў, што такім чынам Езус дасягнуў самай глыбіні чалавечага быцця. І зрабіў гэта для таго, каб выратаваць усіх, хто жыў у мінулым, і ўзняць іх да вяршыняў Бога.

На завяршэнне праграмы Святы Айцец адказаў на пэтанне аб апошніх словах Хрыста, прамоўленых з крыжа да Марыі і св. Яна. На думку Папы, “Езус, давераючы Марыю Яну, а Яна Марыі, здзейсніў акт, сэнс якога з’яўляецца больш чалавечым, чым тэалагічным”, у ім праяўляецца чалавечнасць Хрыста. “Але адначасова, гэты акт ахоплівае ўсю гісторыю, бо ў асобе Яна Езус давярае Марыі кожнага з нас”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.







All the contents on this site are copyrighted ©.