2011-04-19 11:37:21

Місійная дзейнасць Касцёла. “ІІ Ватыканскі Сабор – компас ІІІ тысячагоддзя”


RealAudioMP3 Фальшывы дух прымірэння кажа, што сёння павінна прыпыніцца евангелізацыя, каб даць месца дыялогу. - заўважае эксперт нашага радыё па Другім Ватыканскім Саборы кс. Дарыюш Кавальчык, - Ён закранае тэму місійнай дзейнасці Касцёла. Часта сцвярджаецца, што евангелізацыя, разуметая як прапаведванне каталіцкай веры словамі і ўчынкамі, выступае супраць дыялогу з іншымі рэлігіямі і канфесіямі, а таксама атэістамі. Мяркуецца, што евангелізацыя падзяляе людзей, а дыялог аб’ядноўвае.

Наш эксперт адзначае, што зусім “не аб гэтым навучае Сабор”. Дэкрэт “Ad gentes”, пра місійную дзейнасць Касцёла кажа, што “пілігрымуючы Касцёл па сваёй сутнасці з’яўляецца місійным” (2). Такім чынам Касцёл імкнецца абвяшчаць Евангелле ўсім людзям паводле найглыбейшай патрэбы свайго каталіцкага духа, а таксама паводле наказу свайго Заснавальніка. “Ідзіце і навучайце ўсе народы” (Мц 28,19), - чытаем у Евангелі паводле св. Мацвея. Такім чынам, дыялог разглядаецца як вымярэнне евангелізацыі, а не наадварот.

Кс. Кавальчык адзначае, што паводле Другога Ватыканскага Сабора і нехрысціяне могуць быць збаўлены, бо Бог праз свае шляхі, вядомыя толькі Яму, дае ім ласку, паміма таго, што яны не ведаюць Евангелля без віны з іх боку. У той жа час, у саборным навучанні адзначаецца, што “не могуць збавіцца тыя людзі, якія не жадаюць увайсці ў Касцёл ці заставацца ў ім, ведаючы, што ён заснаваны Богам пры пасрэдніцтве Хрыста як неабходны” (7).

Паводле нашага эксперта, у мінулым не заўсёды разумелася, што прапаведванне Евангелля павінна паважаць свабоду чалавека. Сабор сцвярджае ясна: “Касцёл сурова забараняе прымушаць або падштурхоўваць каго-небудзь да прыняцця веры ці неадпаведнымі сродкамі прывабліваць да яе” (13). У той жа час падкрэсліваецца, што Касцёл “цвёрда абараняе права, каб нікога пагрозамі і ўціскам не змушалі адысці ад веры”. Гэтыя словы адносяцца да сітуацый, калі агрэсіўны лаіцызм імкнецца навязаць сябе амаль у місіянерскім духу, ці хутчэй антымісіянерскім, - сцвярджае кс. Дарыюш Кавальчык, разважаючы пра місійную дзейнасць Касцёла.







All the contents on this site are copyrighted ©.