2011-04-18 10:58:18

Мінск: экуменічная малітва з нагоды 25-годдзя чарнобыльскай трагедыі


RealAudioMP3 17 красавіка, у Пальмовую нядзелю, у Мінску пачала працу міжнародная канферэнцыя “25 год пасля Чарнобыля”. Яе пачаткам стала экуменічная малітва, якая прайшла ў мінскім праваслаўным прыходзе “Усіх смуткуючых радасць”. На яе прыбылі праваслаўныя, каталіцкія іерархі і святары з Беларусі, а таксама прадстаўнікі Евангельска-Лютэранскай Царквы Германіі.

Падчас уступных прамоваў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч акрэслілі накірункі працы, якую праводзяць Праваслаўная Царква і Каталіцкі Касцёл у межах дапамогі пацярпелым ад трагедыі на Чарнобыльскай АЭС.

Арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуўся з малітоўнымі заклікам: “У 25-ю гадавіну чарнобыльскай катастрофы мы молімся аб яе ахвярах, просячы ва Усемагутнага Бога міласэрнасці для памерлых і здароў’я для тых, хто выжыў. Памятаем, молімся і дзякуем ліквідатарам, многія з якіх вельмі сур’ёзна пацярпелі. Сваімі малітвамі ахапляем усіх, хто прымаў і працягвае прымаць удзел у вырашэнні выкліканых ёю праблем, шляхам рэалізацыі розных праграм дапамогі і аздараўлення пацярпелых”.

“Няхай абароніць Госпад Бог Зямлю нашу ад падобных з’яваў. Няхай будзе міласцівы ён да нас не па правінам нашым” – сказаў Мітрапаліт Філарэт.

Міжнародная канферэнцыя “25 год пасля Чарнобыля” будзе праходзіць да 20 красавіка ў мінскім Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Йоханеса Рау. Удзел у ёй прымаюць прадстаўнікі Германіі, Бельгіі, Францыі, Італіі, Беларусі і іншых краін. Галоўныя мэты канферэнцыі – акрэсленне новых шляхоў міжнароднага ўзаемадзеяння для пераадольвання наступстваў чарнобыльскай трагедыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.