2011-04-18 15:14:05

6 год Пантыфікату Бэнэдыкта XVI


RealAudioMP3 19 красавіка будзе адзначацца 6 год з дня абрання на Пасад св. Пятра кардынала Ёзэфа Ратцынгера, які прыняў імя Бэнэдыкт XVI. Ужо на пачатку свайго пантыфіката Святы Айцец акрэсліў сваю місію як “умацаванне хрысціян у веры”. Сведчаннем гэтага сталі тры энцыклікі і две апостальскія адгартацыі, якія напісаў Бэнэдыкт XVI. Не так даўно была апублікавана кніга-інтэрв’ю са Святым Айцом “Святло свету” і другі том яго кнігі пад назвай “Езус з Назарэта”.

Акрамя таго Папа здзейсніў шматлікія пастырскія падарожжы на розныя кантыненты. За 6 год свайго пантыфіката Святы Айцец наведаў 19 краін (у тым ліку Бразілію, ЗША, Аўстралію, Камерун і Анголу). Клопат аб хрысціянах і ўсталяванне добрых адносін з Кітаем, краінамі Блізакага Усхода, Афрыкі і Еўропы застаюцца прыярытэтнымі ў знешнепалітычнай дзейнасці Апостальскай Сталіцы. За пошнія 6 год былі ўсталяваны дыпламатычныя адносіны паміж Святым Пасадам і Чарнагорыяй, Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, Батсванай і Расіяй.

Ужо ў адной са сваіх першых прамоваў пасля канклава ў 2005 г. Бэнэдыкт XVI абвясціў, што адным з самых актуальных заданняў на сённяшні дзень ён бачыць “няспынную працу, без шкадавання сіл для аднаўлення поўнага і бачнага адзінства ўсіх вучняў Хрыста”. Дзеля гэтага задання Пантыфік аднавіў дыялог з экскамунікаванымі ў 1988 г. біскупамі Брацтва св. Пія X. Таксама былі ўсталяваны ардынарыяты для былых англіканаў, стала паглыбляюцца кантакты з прадстаўнікамі пратэстансіх і Усходніх Цэркваў, юдэямі і мусульманамі.

Бэнэдыкт XVI шмат увагі надае будучыні еўрапейскага кантынента. Ён часта нагадвае аб вялікай хрысціянскай спадчыне Еўропы, якая з’яўляецца фундаментам яе духоўнага адзінства. Ён заклікае да абароны ад спробаў маргіналізацыі хрысціянства ў грамадскім жыцці еўрапейскіх краін. Бэнэдыкт XVI добра ведае, што Евангелле сёння патрэбнае нават тым, хто аддаліўся ад Касцёла – перш за ўсё людзям з секулярызаваных краін. Таму 12 кастрычніка 2010 г. была створана спецыяльная дэкастэрыя – Папская рада па новай евангелізацыі, а таксама пачала працу ініцыятыва “Падворак язычнікаў”, якая мае за мэту ўсталяванне адносінаў і дыялога з няверуючымі.







All the contents on this site are copyrighted ©.