2011-04-15 13:18:34

Уступная праграма візіту Бэнэдыкта XVI у Харватыю


RealAudioMP3 Падрыхтоўка да візіту Бэнэдыкта XVI у Харватыю ідзе згодна з планам. Папа наведае гэту краіну 4-5 чэрвеня 2011 г. Мітрапаліт Заграба, кардынал Ёсіп Базаніч паведаміў 14 красавіка, што яшчэ ў канцы гэтага месяца канчатковая праграма візіту будзе зацверджана Апостальскай Сталіцай.

Паводле ўступных дадзеных, у суботу, 4 чэрвеня пасля цырымоніі сустрэчы Святога Айца ў аэрапорце сталіцы, ён сустрэнецца з Прэзідэнтам Харватыі Іво Ёсіпавічам, а затым у апостальскай нунцыятуры з прэм'ер-міністрам Ядранкай Косар. Наступным пунктам праграмы стане сустрэча ў Нацыянальным тэатры ў Заграбе з прадстаўнікамі палітычных, эканамічных, навуковых і культурных колаў, а таксама членамі дыпламатычнага корпуса і кіраўнікамі мясцовых рэлігійных супольнасцяў. У гэты ж вечар на галоўнай плошчы сталіцы адбудзецца чуванне харвацкай моладзі са Святым Айцом.

На наступны дзень, 5 чэрвеня, запланавана ўрачыстая св. Імша на заграбскім іпадроме з нагоды Нацыянальнай сустрэчы харвацкіх каталіцкіх сем'яў. Яе ўзначаліць папа Бэнэдыкт XVI, які прамовіць гамілію, а на заканчэнне памоліцца з вернікамі “Regina Caeli”. У другой палове дня, у катэдральным касцёле сталіцы Пантыфік узначаліць Нешпары з біскупамі, святарамі, кансэкраванымі асобамі і студэнтамі.

У падрыхтоўку да візіту задзейнічаны больш за дзве тысячы маладых валанцёраў. Праграму на іпадроме падрыхтуе 600 музыкаў і іншых артыстаў. Яны рыхтуюцца ўжо на працягу месяца. З нагоды візіту Папы былі запісаны спецыяльныя песня і відэаролік.

На іпадроме, дзе Святы Айцец будзе адпраўляць св. Імшу, медыцынскую дапамогу пілігрымам будуць аказваць 300 медсясцёр і санірараў, будуць створаны два палявыя шпіталі. Для тых, хто прыбывае ў Заграб на сустрэчу з Папам, будзе падрыхтавана 20 тысяч месцаў для начлегу.







All the contents on this site are copyrighted ©.