2011-04-13 11:14:00

Мінск: каталіцкая супольнасць спачувае пацярпелым падчас тэракту


RealAudioMP3 12 красавіка ўвечары званы Мінскай архікатэдры можна было пачуць раней чым заўсёды. У 17.56 – роўна праз суткі пасля тэрарыстычнага акту ў метро званы галоўнай каталіцкай святыні Беларусі напряцягу 15 хвілін білі ў памяць аб ахвярах трагедыі. Католікі сталіцы вельмі эмацыянальна ўспрынялі тое, што адбылося. Вернікі прыходзілі ў касцёлы як для прыватнай малітвы, так для ўдзелу у супольнай Эўхарыстыі ў інтэнцыі ахвяр.

Біскуп Антоній Дзям’янка выйшаў з ініцыятывай наведвання параненых: “Нашыя святары наведалі ў шпіталях хворых і пацярпелых падчас тэракту. Я асабіста наведаў шпіталь нумар тры, ў якім аказаўся мой аднакласнік. - сказаў ён - Я маліўся за іх і над імі. Маліўся за медыкаў і удзяліў ім благаслаўленне. Я спаткаўся не толькі з католікамі і але з іншымі хрысціянамі. Выказаў ім словы салідарнасці ад імя вернікаў Каталіцкага Касцёла. Мяне вельмі ўразілі апавяданні людзей, прайшоўшых праз гэтую трагедыю”, - сказаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Многія вернікі архікатэдры не хавалі сваіх пачуццяў, адзін з іх, Мікалай адзнычыў: “Вельмі ўразіла тое, што адбылося ўчора ў цэнтры Мінска. Я прыйшоў сёння ў храм, каб аддаць гэтую трагедыю Богу, Хрысту. Каб маліцца і за памерлых і за жывых, якія сёння знаходзяцца ў цяжкім стане, а таксама за медыкаў”. “Вечны адпачынак дай ім Пане, а святло вечнае няхай свеціць тым, хто адыйшоў з гэтага жыцця”, - эмацыйна адзначыла пажылая парафіянка катэдры.

Некаторыя вернікі набывалі знічы, каб запаліць іх падчас наведвання месца трагедыі. Тым часам каля ўваходу ў пераход метро, сярод мноства кветак можна было ўбачыць і невялікі абраз Маці Божай Будслаўскай – апякункі Беларусі.

Уладзіслаў Валадзько, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.