2011-04-13 14:34:00

Бэнэдыкт XVI: святасць не заключаецца ў тым, каб рабіць незвычайныя ўчынкі


RealAudioMP3 Сёння падчас сваёй агульнай аўдыенцыі Святы Айцец прамовіў катэхезу аб хрысціянскай святасці. “Што значыць быць святым? Хто пакліканы да святасці? - задаўся пытаннем Пантыфік на пачатку катэхезы - Часта мы думаем, што толькі некаторыя з’яўляюцца выбранымі для святасці”. “Аднак, святасць, поўня хрысціянскага жыцця, заключаецца не ў тым, каб рабіць незвычайныя ўчынкі, але каб паяднацца з Хрыстом, жыць яго таямніцамі, рабіць так, каб яны сталі фундаментам нашых паводзінаў і нашых думак”, - сказаў Святы Айцец.

“Але застаецца пытанне якім чынам магчыма прайсці шлях да святасці, як адказаць на гэта пакліканне? Ці дастаткова толькі маіх уласных намаганняў? Адказ на гэта пытанне відавочны: святое жыццё не з’яўляецца толькі плёнам нашых намаганняў, нашых дзеянняў, таму што Бог, тройчы святы, робіць нас святымі. Гэта справа Святога Духа, які пітае нас знутры, гэта жыццё Хрыста Уваскрослага, якое нам было перададзена і якое нас перамяняе. Паўтараючы словы Другога Ватыканскага Сабора я скажу, што “паслядоўнікі Хрыста, пакліканыя Богам і апраўданыя ў Пану Езусе не за свае ўчынкі, але паводле намеру і ласкі Божай, у хросце веры сталі сапраўды дзецьмі Божымі і ўдзельнікамі Божай натуры, а праз гэта — сапраўды святымі. Таму яны павінны захоўваць у жыцці і ўдасканальваць асвячэнне, прынятае ад Бога. Такім чынам святасць мае свае карані ў ласцы атрыманай падчас Сакрамэнту Хросту, у адзінстве з Пасхальнай таямніцай Хрыста, праз якую нам быў перададзены Яго Дух і яго ўваскрослае жыццё”.

“Бог заўсёды паважае нашу свабоду, - дадаў Пантыфік – ён чакае пакуль мы самі прымем гэты дар і пачнём жыць тым, што гэты дар у сябе змяшчае. Ён кліча нас да таго, каб мы дазволілі перамяніць сябе праз пасрэдніцтва Духа Святога, яднаючы нашу волю з воляй Бога”.

Наступныя пытанні, на якія даў адказ Святы Айцец датычылі таго, якім чынам зрабіць так, каб наш спосаб мыслення і нашы дзеянні сталі думкамі і ўчынкамі Хрыста. “Яшчэ раз другі Ватыканскі Сабор дае нам дакладнае настаўленне, - сказаў Папа - ён кажа, што хрысціянская святасць з’яўляецца любоўю, якой жывеш ўпоўні (...) Бог уліў сваю любоў у нашы сэрцы праз дзейнасць Духа Святога, які нам быў пасланы; таму самым галоўным і першым дарам з’яўляецца любоў, якой мы любім Бога і бліжняга”. “Таму, каб любоў, як добрае семя ўзрастала ў нашых душах і прыносіла плёны, кожны вернік павінен з ахвотай слухаць Божае слова, з дапамогай ласкі выконваць Яго волю. Акрамя таго, часта ўдзельнічаць у святых Сакрамэнтах і святой Літургіі; маліцца, стрымліваць сябе і служыць бліжнім”, - сказаў Бэнэдыкт XVI. Далей Папа ўзгадаў словы святога Аўгусціна: “калі ты маўчыш – маўчы з любоўю; калі кажаш – кажы з любоўю; калі настаўляеш кагосці – настаўляй з любоўю; калі прабачаеш – прабачай з любоўю”.

“Можа мы спытаемся: ці магчыма для нас, улічваючы нашу слабасць і абмежаванасць, сягаць так высока? Касцёл на працягу літургічнага года, запрашае нас узгадваць шматлікіх святых, тых, хто ў поўні жыў любоўю, тых, хто ўмеў любіць і наследваць Хрыста ў сваім штодзённым жыцці. Яны нам паказваюць, што прайсці гэты шлях магчыма. У кожную гістарычную эпоху, у розных кутках планеты, святыя прыналежалі да розных узроставых і сацыяльных груп, да розных нацый і моваў. Часта гэта вельмі простыя асобы, нармальныя, без бачнага знешняга гераізма, аднак у іх штодзённай дабрыні бачна праўда веры. Гэта дабрыня, у якой яны ўзрасталі праз веру Касцёла, для мяне з’яўляецца найлепшай апалогіяй хрысціянства і знакам таго ў чым праўда”.
Напрыканцы сваёй катэхезы Пантыфік заклікаў усіх “адкрыцца на дзейнасць святога Духа, які перамяняе нашыя жыцці, для таго, каб мы таксама сталі часткай вялікай мазайкі святасці, якую Бог пажадаў стварыць для гэтага свету”. “Не бойцеся ісці да вяршыняў Бога; не бойцеся, што Бог патрабуе шмат, аднак дазволім Яму весці нас сваім Словам у нашым штодзённым жыцці, нават калі мы адчуваем сябе беднымі, нягоднымі, грэшнымі: гэта Ён пераменіць нас праз сваю любоў”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Пасля катэхезы Пантыфік з дапамогай тэлемаста звярнуўся да ўдзельнікаў маючай адбыцца 15-17 красавіка 2011 г. у Мельбурне Трэццяй нацыянальнай сустрэчы сем’яў. Ён заклікаў удзельнікаў форума “паглыбляць свае адносіны з яшчэ адной сям’ёй Бога, якой з’яўляецца Касцёл”, а таксама “станавіцца сапраўднымі героямі для чалавецтва, сведкамі культуры любові і еднасці, жыцця і стабільнасці”.







All the contents on this site are copyrighted ©.