2011-04-12 15:09:34

“Homo caritatis”. Касцёл і выклік тэрарызма


RealAudioMP3 Сённяшнюю праграму я хацеў бы прысвяціць тэме, якая з учарашняга вечара стала актуальнай для нашай краіны – тэме тэрарызму. Усё беларускае грамадства вельмі ўзрушана з нагоды учарашняга варварскага акту ў цэнтры нашай сталіцы. Каментуючы гэту трагедыю біскуп Антоні Дзям'янка сказаў, што “вельмі цяжка сабе ўявіць, што ёсць такія людзі, якія, кіруючыся пэўнымі мэтамі, здольныя да таго, каб прычыніць боль і цярпенні іншым. Касцёл навучае, што зло неабходна перамагаць дабром, і заклікае, асабліва падчас Вялікага посту, не кіравацца агрэсіяй, але міласэрнасцю. Гэтая трагедыя — выклік для нас, хрысціянаў, яшчэ больш працаваць над здабыццём цнотаў міласэрнасці і любові да бліжняга. І ні ў якім разе не адказваць агрэсіяй на агрэсію”.

Каталіцкі Касцёл катэгарычна асуджае тэрарызм. Гэты феномен дэманструе знявагу да чалавечага жыцця і не можа быць апраўданы ніякімі матывамі, таму што чалавек гэта заўсёды мэта, а не сродак. Тэрарыстычныя акты глыбока паражаюць чалавечую годнасць і абражаюць усё чалавецтва. Любое насілле з’яўляецца злом, яно не годнае прыроды чалавека, яно разбурае тое, што трэба абараняць: годнасць, жыццё, чалавечую свабоду.

Сёння ідзе вельмі шмат дыскусій аб тым, каму быў выгодны гэты выбух. Нажаль, трагедыя якая забрала на сённяшні дзень жыцці 12 чалавек стала прычынай для неаргументаваных узаемных абвінавачванняў, а не для прымірэння і пошуку праўды. На самой справе гэта трагедыя не з’яўляецца выгоднай нікому, бо нельга пабудаваць шчаслівай будучыні, мірнага і справядлівага грамадства, нельга дасягнуць уласнага шчасця, супакою і дабрабыту за кошт чалавечых жыццяў. У выніку таго, што адбылося мы ўсе праігралі.

Зразумела, што тэрарысты павінны несці справядлівае пакаранне. Але ў гэтым кантэксце варта памятаць, яшчэ аб адным важным аспекце: галоўным ворагам чалавека не можа быць іншы чалавек – стварэнне з цела і крыві. Ёсць нешта, што спрыяе таму, каб чалавек стаў прыладай зла, агрэсіі, нянавісці. У фундаменце падобных учынкаў заўсёды ляжаць эгаістычныя памкненні, прага нажывы, жаданне дамінаваць над іншым, несці страх. Нельга змагацца толькі з людзьмі. Каб будаваць сталае, салідарнае, братэрскае грамадства варта закласці ў яго фундамент любоў, павагу да бліжняга, узнесці чалавечае жыццё, яго правы і годнасць на ўзровень вышэйшай каштоўнасці. Гэтыя маральныя і рэлігійныя цноты павінны стацца асновай асабістых паводзінаў і грамадскімі ідэаламі.

Кампендыўм сацыяльнага навучання заклікае да абароны ад тэрарызма, і дадае што яна “не можа абмежавацца толькі рэпрэсіўнымі і карнымі аперацыямі”. Важна ўстанавіць матывы тэрарыстычнага нападу. Неабходны таксама намаганні на “палітычным і педагагічным” узроўні, каб мужна супрацьстаяць праблемам якія ў некаторых драматычных сітуацыях могуць стаць глебай для тэрарызму. Ян Павел ІІ у адным са сваіх пасланняў на Сусветны дзень міру пісаў: “Вярбоўка тэрарыстаў адбываецца лягчэй у такім сацыяльным кантэксце, дзе распаўсюджваецца нянавісць, парушаюцца правы чалавека, дзе людзі вельмі доўга церпяць несправядлівасць”. Барацьба з тэрарызмам прадугледжвае маральныя абавязкі па стварэнню такіх умоваў, пры якіх ён не будзе ўзнікаць і развівацца.

Першасным заданнем у сённяшняй сітуацыі, як здаецца, з’яўляецца пошук шляхоў для пабудовы нашага жыцця на любові, праўдзе і справядлівасці. Важна, каб нашу краіну не захлынула хваля новых праяваў нянавісці, гвалту і страху.

На заканчэнне сённяшняй праграмы я б хацеў далучыцца да спачуванняў ахвярам трагедыі і іх сем’ям.







All the contents on this site are copyrighted ©.