2011-04-12 15:57:09

Савет Еўропы: кардынал Таран заклікаў да абароны свабоды рэлігіі


RealAudioMP3 Старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, кардынал Жан-Луі Таран выступіў 12 красавіка на форуме вясновай сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. Яе тэмай з’яўляецца рэлігійнае вымярэнне міжкультурнага дыялогу.

Французскі кардынал, які на працягу многіх гадоў працуе ў Рымскай курыі, адзначыў важнасць месцаў дыялогу, сімвалам якіх з'яўляецца Страсбург, бо яны дазваляюць адкрыць сапраўдны твар рэлігіі. "Хацеў бы, каб Савет Еўропы заўсёды меў мужнасць, патрэбную да прыняцця канкрэтных і неабходных рашэнняў, каб распаўсюджваць, а пры неабходнасці – абараняць свабоду рэлігіі і раскрываць усе формы пераследаў, гвалту або дыскрымінацыі, заснаванай на рэлігійных матывах, як у Еўропе, так і ва ўсім свеце" - сказаў кардынал Таран. Ён падкрэсліў, што вернікі абавязаны весці экуменічны і міжрэлігійны дыялог. "Будзем імкнуцца да таго, каб імя Бога не выкарыстоўвалася для апраўдання дыскрымінацыі і гвалту" - заклікаў старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу.

У сваім выступленні прадстаўнік Апостальскай Сталіцы гаварыў пра еўрапейскі гуманізм заснаваны на хрысціянстве, якое дазваляе ствараць станоўчую сувязь паміж верай і розумам. Ён адзначыў, што гуманізм адкрыты для трансцэндэнтнасці, таксама сёння дазваляе хрысціянам і вернікам памятаць аб першынстве этыкі над існуючымі ў дадзены момант ідэалогіямі, першынстве асобы над рэчамі, перавазе духа над матэрыяй. Ён адзначыў, што ў Еўропе не ўяўляецца магчымым навязваць веру сілай, паколькі абавязковым з’яўляецца дыялог, а рэлігія на гэтым кантынэнце не толькі перадаецца ў спадчыну, але і абіраецца.

Падчас сённяшняй сесіі выступаў Патрыярх Румынскай Праваслаўнай Царквы Данііл. Ён выказаў шкадаванне, што ў працэсе пабудовы Еўропы не дастаткова ўлічваецца рэлігійнае вымярэнне культуры. Ён указаў на неабходнасць вырашэння праблемы масавай міграцыі на еўрапейскі кантынент людзей іншых культур і рэлігій, якая аслабляе сацыяльную сувязь народаў, якія яго насяляюць. Глава Румынскай Праваслаўнай Царквы падкрэсліў важнасць развіцця міжрэлігійнага дыялогу, які не можа быць вынікам штучнай ідэалогіі, але станам розуму і мастацтва жыць разам.

Акрамя таго на форуме вясновай сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы прысутнічаюць прадстаўнік урада Турцыі, галоўны рабін Расіі і прадстаўнік Лютэранскай Царквы Германіі.







All the contents on this site are copyrighted ©.