2011-04-12 17:14:24

Кс. Фэдэрыко Ламбардзі аб злоўжываннях бельгійскага біскупа


RealAudioMP3 12 красавіка дырэктар прэс-цэнтра Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыко Ламбардзі пракаментаваў сітуацыю былога біскупа бельгійскай дыяцэзіі Бруге Рожэ Вангелювэ. У красавіку мінулага года біскуп Вангелювэ публічна прызнаўся, што меў сексуальныя адносіны з непаўналетнімі асобамі, у выніку чаго ён папрасіў Бэнэдыкта XVI аб сваёй адстаўцы з пасады біскупа.

“Кангрэгацыя Веравучэння прыняла рашэнне аб тым, што біскуп Рожэ Вангелювэ павінен пакінуць Бельгію і прайсці адпаведнае духоўнае і псіхалагічнае лячэнне. - заявіў кс. Ламбардзі - У гэты перыяд ён пазбаўлены права публічна выконваць свае святарскія і біскупскія абавязкі”. Акрамя таго дырэктар прэс-цэнтра Апостальскай Сталіцы сказаў, што “псіхалагічнае лячэнне прызначана Кангрэгацыяй Веравучэння, каб атрымаць больш дыягнастычных элементаў, якія будуць карысныя для працэдуры прыняцця канчаткова рашэння. Канчатковае рашэнне ляжыць у кампетэнцыі Кангрэгацыі Веравучэння, і павінна быць зацверджана Святым Айцом”. Кс. Ламбардзі дадаў, што “рашэнне будзе грунтавацца на многіх аспектах, пачынаючы ад налажэння пакуты і да юрыдычных санкцый”.







All the contents on this site are copyrighted ©.