2011-04-12 11:58:30

Апублікавана праграма візіту Бэнэдыкта XVI у Германію


RealAudioMP3 Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Германіі апублікавала сёння праграму афіцыйнага візіту Бэнэдыкта XVI у гэту краіну 22-25 верасня 2011 г. Іерархі падкрэсліваюць, што Святы Айцец зацвердзіў прапанаваную яму праграму падчас сустрэчы са старшынёй нямецкай біскупскай канферэнцыі арцыбіскупам Робертам Цолічам. Яна ўключае ў сябе прабыванне Папы ў Берліне, Эрфурце і Фрайбургу. У кожнай з гэтых трох дыяцэзій Папа правядзе св. Імшы на адкрытым паветры з удзелам шматтысячных груп вернікаў. Арцыбіскуп Цоліч з задавальненнем заявіў, што, зараз наступае фаза рэалізацыі планаў. “З сярэдзіны мая, мы пачынаем працэс падачы заявак праз Інтэрнэт на ўдзел у папскіх мерапрыемствах. Я перакананы, - сказаў арцыбіскуп - што апостальскае падарожжа дынамізуе жыццё нашага Касцёла і нашай краіны".

Біскуп Эрфурта Ёахім Ванкэ выказаў задавальненне, што візіт Папы прадугледжвае знаходжанне ва Усходняй Германіі. "Тут стане зразумелым, што Папа ідзе не толькі ў каталіцкі храм.- сказаў ён – Падчас візіту ў Эрфурце, дзе Марцін Лютэр быў каталіцкім законнікам, будзе пастаўлены моцны экуменічны акцэнт".

Апостальскі адміністратар Берлінскай дыяцэзіі біскуп Маціяс Хайнрых сказаў, што візіт Папы ў сталіцы Германіі, якая не з’яўляецца ў большасці каталіцкай, прымушае католікаў ганарыцца тым, што Святы Айцец з'яўляючыся Наступнікам Пятра, сустрэнецца тут з вышэйшымі прадстаўнікамі дзяржаўных уладаў і прамовіць у нямецкім Бундэстагу.

Апублікаваная праграма – уступная. Яе канчатковы варыянт будзе апублікаваны за некалькі тыдняў да апостальскага падарожжа Бэнэдыкта XVI у Германію.







All the contents on this site are copyrighted ©.