2011-04-07 14:31:33

Французскія біскупы супраць дэбатаў аб свецкасці


RealAudioMP3 У лурдскім санктуарыі працягваюцца працы пленарнай асамблеі Канфэрэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Францыі. Кардынал Андрэ Вэн-Труа, арцыбіскуп Парыжа і старшыня біскупскай канферэнцыі, у сваім выступленні адзначыў, што незадаволенасць з боку грамадскасці краіны некаторымі мусульманскімі меншасцямі, парадаксальна, але можа зменшыць уздзеянне лаіцызму ў яго закрытай форме, якая выступае супраць усякіх праяваў рэлігійнасці ў грамадстве”.

Кардынал спаслаўся на сустрэчу аб свецкасці і ісламе, якую на днях правёў у Парыжы “Саюз за народны рух” (UMP), партыя Прэзідэнта Рэспублікі Нікаля Сарказі і прэм’ер-міністра Франсуа Філона.

Арцыбіскуп Парыжа нагадаў аб нядаўняй заяве біскупскай канферэнцыі адносна палітыкі ўзгаданай партыі. “Нам не патрэбны ніякія вялікія дэбаты для лепшага зразумення і ажыццяўлення талерантнасці і павагі”, - адзначыў кардынал Вэн-Труа. Іерарх заклікаў урад больш адкрыта і ясна інтэрпрэтаваць законы і правілы, якія вызначаюць асновы “свецкага пакта” Францыі.

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Францыі нагадаў іншую актуальную для краіны праблему – праект закона аб біяэтыцы. Яго пачалі абмяркоўваць у Сенаце 6 красавіка.

“Спадзяемся, - сказаў кардынал Вэн-Труа, - што сенатары не зменяць пастаноў, прынятых большасцю парламента і не стануць на шлях еўгенікі, асабліва ў выпадках трысоміі 21 (сіндрому Даўна)”. Кардынал выказаў спадзяванне, што сенатары не дазволяць знішчэнне чалавечых эмбрыёнаў, як матэрыялу для даследванняў.







All the contents on this site are copyrighted ©.