2011-04-07 13:48:39

Тэмплтонаўская прэмія прысуджана брытанскаму астрафізіку


RealAudioMP3 Штогадовая Тэмплтонаўская прэмія прысуджана астрафізіку Марціну Джону Рысу. Яна прысуджаецца "За прагрэс у даследаваннях або адкрыцці ў галіне духоўных рэаліяў” чалавеку, які, па ацэнцы фонду Тэмплтона, найлепшым чынам увасабляе “пошук розных шляхоў да адкрыццяў і буйных дасягненняў, якія пашыраюць чалавечае ўспрыманне Боскай задумы і спрыяюць развіццю Боскага творчага патэнцыялу”.

68-гадовы Марцін Рыс вядомы даследаваннямі такіх праблем, як паходжанне і будучыня сусвету, фізіка чорных дзірак і тэорыя "Вялікага выбуху". Прэмія Тэмплтона была прысуджана яму, нягледзячы на тое, што вучоны не лічыць сябе рэлігійным чалавекам. Джон Тэмплтон-малодшы растлумачыў, што рашэнне ўзнагародзіць астрафізіка звязана з самім характарам яго даследаванняў, якія "прымушаюць усіх задумацца аб самых фундаментальных пытаннях аб нашай прыродзе і існаванні".

Сам прафесар Рыс заявіў, што яго заўсёды прыцягвалі "вялікія пытанні, на якія ў нас няма адказу". Адно з такіх пытанняў – чаму ў нашым сусвеце ўзніклі ўмовы, неабходныя для зараджэння жыцця, тады як нават невялікая змена "універсальных канстант" космасу магла б зрабіць жыццё немагчымым. На думку многіх навукоўцаў-атэістаў, гэта – чыстая выпадковасць, тады як крэацыяністы называюць гэты факт доказам існавання Бога. Рыс не лічыць узнікненне умоў для жыцця ні выпадковасцю, ні провідам Творцы. На думку брытанца, "можа існаваць бясконцае мноства іншых сусветаў", дзе канстанты іншыя, і жыццё немагчымае.

Прэмія была заснавана ў 1972 г. і носіць імя сэра Джона Тэмплтона – брытанскага бізнэсмена амерыканскага паходжання, узведзенага Елізаветай II у рыцары за філантрапічную дзейнасць. Лаўрэатамі прэміі станавіліся: маці Тэрэза з Калькуты, амерыканскі прапаведнік Білі Грэм і савецкі дысідэнт Аляксандр Салжаніцын.

Марцін Рыс займае ганаровую пасаду Каралеўскага астранома з 1998 г. Ён таксама ўзначальвае Трыніці-каледж – адзін з самых прэстыжных каледжаў Кембрыджскага ўніверсітэта. Да 2010 г. Рыс быў прэзідэнтам Каралеўскага навуковага таварыства.

Прэмія ў памеры 1 млн. фунтаў стэрлінгаў будзе ўручана Рысу 1 чэрвеня гэтага года ў Букінгемскім палацы.







All the contents on this site are copyrighted ©.