2011-04-07 12:50:17

Куба: Касцёл заклікае рэфармаваць сферу аховы здароўя


RealAudioMP3 Касцёл на Кубе заклікаў улады да тэрміновай рэформы сістэмы аховы здароўя. Гэта астраўная дзяржава доўгі час ганарылася ўзроўнем медыцыны, як здабыткам сацыялістычнай рэвалюцыі. Паслугі ў гэтай галіне былі агульнадаступнымі і бясплатнымі. Сёння, аднак, уся сістэма аховы здароўя адчувае недахоп фінансавых рэсурсаў, церпіць ад карупцыі і нізкага ўзроўню паслуг. Да гэтага прычыніўся распад Усходняга блока, які на працягу многіх гадоў эканамічна падтрымліваў рэжым Кастра.

Па словах прэс-сакратара гаванскай архідыяцэзіі, шукаючы выхаду з крызісу неабходна браць пад увагу новыя формы працы сістэмы аховы здароўя, у тым ліку выкарыстанне прыватнай ініцыятывы.

Арланда Маркес на старонках касцёльнага часопіса “Palabra Nueva” нагадаў скандал, звязаны са смерцю ад голаду і холаду 26 пацыентаў псіхіятрычнай клінікі ў Гаване, дзе супрацоўнікі рэгулярна кралі прадукты харчавання. Па словах прэс-сакратара, гэта быў не адзінкавы выпадак, а "вярхушка айсберга".

"Калі зніклі папярэднія ўмовы рэалізацыі праграмы ў галіне аховы здароўя, трэба шукаць новыя формы аднаўлення сістэмы і яе стабільнасці", - кажа Маркес. У якасці канкрэтнай прапановы выказаў думку аб магчымасці дапушчэння ў нацыянальную сістэму аховы здароўя рэлігійных арганізацый або выкарыстання прыватна-дзяржаўнага партнёрства. Гэта было б сугучна з абвешчанымі Раулем Кастра эканамічнымі рэформамі. "Нават калі дыверсіфікацыя ўласнасці і зварот да прыватнага сектара не створыць рай на зямлі, то дапаможа зменшыць маштабы карупцыі і амаральнасці, якія пагражаюць краіне знішчэннем", - напісаў на старонках кубіскага каталіцкага штотыднёвіка прэс-сакратар гаванскай архідыяцэзіі Арланда Маркес.








All the contents on this site are copyrighted ©.