2011-04-05 16:14:19

"Homo caritatis". Шматлікія аспекты чалавечай працы


RealAudioMP3 У сённяшняй праграме мы паразмаўляем аб яшчэ адной тэме сацыяльнага навучання Касцёла. Гэта тэма працы. У адной з нашых праграм мы размаўлялі аб гэтай тэме ў кантэксце энцыклікі Яна Паўла ІІ “Laborem exercens” (“Выконваючы працу”). Ян Павел ІІ быў адзіным Папам у гісторыі, які да абрання на Пасад св. Пятра працаваў рабочым, таму праблемы людзей працы ён ён ведаў не па чутках. У энцыкліцы “Laborem exercens” ён пісаў аб тым, што “чалавечая праца з’ўляецца істотным ключом усяго сацыяльнага пытання, калі мы сапраўды жадаем бачыць яго з пункту гледжання дабра чалавека”. Акрамя таго Пантыфік адзначаў, што менавіта “рабочае пытанне” стала штуршком да з’яўлення сацыяльнага навучання Касцёла. Нагадаю, што сацыяльнае навучанне пачало актыўна развівацца пасля энцыклікі папы Льва ХІІІ “Rerum novarum”, выдадзенай у 1891 г. Менавіта тады ўвагу Касцёла прыцягнуў цяжкі стан працаўнікоў шматлікіх прадпрыемстваў, якія хутка з’яўляліся на картах еўрапейскіх гарадоў.

З часу “Rerum novarum” наша жыццё змянілася. З грамадства індустрыяльнага, сацыяльнага, мы перайшлі ў фазу грамадства вытворцаў і спажыўцоў. Натуральна, што змяніліся і акцэнты сацыяльнага навучання. Сёння яны ўжо не засяроджаны на пытаннях эксплуатацыі працаўнікоў, справядлівага заробку, адносінаў з прафсаюзамі і іншых важных праблемах, характэрных для ўсяго ХХ стагоддзя (хоць і нельга сказаць, што яны цалкам згубілі сваю актуальнасць і не разглядаюцца Касцёлам). Аднак Ян Павел ІІ перанёс акцэнты на шматграннасць паняцця працы, на неабходнасць развіцця “культуры працы” або экалогіі працы. Гэты накірунак стаў маяком для ўсяго сацыяльнага навучання Касцёла сёння.

Калі мы кажам аб працы, то перад намі паўстаюць шматлікія тэмы, якія патрабуюць асаблівага, глыбокага аналізу. Гэта тэмы суб’ектыўнасці і аб’етыўнасці працы, беспрацоўя, адпаведнай падрыхтоўкі працаўнікоў, рынку, кааперацыі, трэцяга сектара, эміграцыі, жаночай і дзіцячай працы і многія іншыя.

Нямецк-амерыканскі філосаф Ханна Арэндт, вядомая даследчыца фенаменаў ХХ ст., вылучала некалькі аспектаў працы. Першы аспект – гэта праца як “Labor” – ён датычыцца разумення працы як спосабу здабывання ўсяго неабходнага для жыцця. Гэты працэс бясконцы. Праз яго мы здабываем грошы, ежу, пітво, вопратку і іншыя неабходныя для існавання рэчы. Яшчэ адзін аспект працы – гэта “Work”, які можна перакласці як фабрыкацыя, вытворчасць. “Work” мае свой пачатак і канец, якім з’яўлецца працоўны графік. Нарэшце апошнім аспектам працы з’яўляецца “Action” – дзейнасць. Гэта яшчэ адзін важны аспект, пад якім разумеецца наша самарэалізацыя. Гэта той аспект, які азначае, што праца ўключае ў сябе не толькі здабыванне сродкаў для існавання, азначае тое месца, куды мы прыходзім на працягу працоўнай нядзелі, каб выконваць пэўныя заданні. Праца з’яўляецца нечым большым. Яна ўключае таксама трансцэндэнтнае значэнне, звязанае з развіццём нашай асобы. Чалавек павінен разумець усе гэтыя тры аспекты сваёй працы: заробак, адказнасць, рэалізацыя.

Акрамя таго разуменне працы павінна суадносіцца з адчуваннем паклікання “валодаць зямлёй” і клапаціцца аб стварэннях. Аб гэтым пакліканні мы чытаем на перашых старонках Бібліі. Тое, што Пан стварае чалавека на сваё падабенства і заклікае яго апрацоўваць зямлю і клапаціцца аб Эдэмскім садзе, сведчыць аб тым, што праца адпавядае першапачатковаму стану чалавека. Яна не з’яўляецца праклёнам за першародны грэх.

Езус вучыць нас цаніць працу. Ён сам ва ўсім стаў падобны да нас і прысвяціў большую частку Свайго зямнога жыцця фізічнай працы за цяслярскім сталом у майстэрні Юзафа, якому ён быў паслухмяны. Езус асуджае паводзіны слугі-лайдака, які схаваў свой талент у зямлі, і хваліць разумнага слугу, якога знаходзіць пры выкананні даручаных яму абавязкаў. Нават сваю місію Езус апісвае, як працу, а сваіх вучняў, як “працаўнікоў на жніве Пана”, якім з’яўляецца чалавецтва, патрабуючае евангелізацыі.

Такім чынам, праца, незалежна ад таго ці датычыць высокіх тэхналогій, ці банкаўскай сферы або прыбірання офісаў, заўсёды мае сваю годнасць, якая грунтуецца на тым, што яе выконвае чалавек. Ян Павел ІІ пісаў, што “праца існуе для чалавека, а не чалавек для працы” і што “мэтай усякай чалавечай працы – нават самай “нізкай”, манатоннай, па агульнапрынятым адзнакам, нават самай маргінальнай – заўсёды застаецца чалавек”.

Сацыяльнае навучанне Касцёла вучыць нас, што тое, як мы выконваем сваю працу, наколькі мы ўкладаем сябе ў яе, з’яўляецца бачнай праявай любові да іншых. Нельга аддзяліць наша духоўнае вымярэнне ад нашага вымярэння грамадскага. Мы павінны выконваць абавязкі з поўнай адказнасцю перад грамадствам, імкнуцца сведчыць аб сваёй веры праз дзейнасць, праз любоў якую ўкладаем у працу. Перафразуючы словы св. Яна Боска, можна сказаць, што “добры хрысціянін, не можа быць кепскім грамадзянінам”. І гэта тычыцца таксама сферы нашай працы.








All the contents on this site are copyrighted ©.