2011-04-04 12:50:10

"Зварот да вытокаў". Царква як супольнасць пакліканых


Добры вечар, шаноўныя слухачы!

Змагаймася, о мужы-браты, з усёй палымянасцю выконваючы загады Божыя. Гляньма, як жаўнеры паводзяць сябе падчас ваеннага паходу, як дакладна, ахвотна і здысцыплінавана выконваюць распараджэнні. Не ўсе з'яўляюцца галоўнымі камандуючымі або тысячнікамі, сотнікамі, пяцідзесятнікамі і гэтак далей, але кожны на сваім месцы выконвае загады караля і военачальнікаў. (XXXVII, 1-3).

Гэта чарговы ўрывак з паслання святога Клімента Рымскага да карынфянаў. Гэтае выказванне падштурхоўвае да ўзнаўлення рэфлексіі над тым, чым ёсць Царква, супольнасць веруючых у Хрыста, у сваім чалавечым вымярэнні? Якія прынцыпы павінны быць пакладзены ў аснову ўзаемадзеяння паміж чальцамі царкоўнай супольнасці? У якой ступені Царква можа быць падобнай да іншых зямных інстытуцый? Што ўтварае спецыфіку Царквы як інстытуцыі?

У грэцкамоўным Новым Запавеце асноўным словам на абазначэнне супольнасці паслядоўнікаў Хрыста з'яўляецца ekklesia. У Септуагінце – перакладзе юдэйскай Бібліі на грэцкую – слова ekklesia стала адпаведнікам габрэйскага qahal. Што такое qahal i ekklesia?

Корань q-h-l этымалагічна павязаны з арабскім словам qala, што значыць: гаварыць, клікаць. Такім чынам, q-h-l – гэта група скліканых людзей, скліканых для вырашэння нейкіх важных спраў, напр. выбару караля (як тое было ў выпадку Саўла). Слова qahal адрозніваецца па свайму значэнню ад aam – люд, народ, сям'я, сем'епадобная група.

Грэцкае слова ekklesia было, бадай, ідэальным адпаведнікам габрэйскага kahal, бо таксама азначала групу скліканых людзей, а да таго ж мела падобную этымалогію: ekklesia ад ek-kaleo – клічу, склікаю, збіраю на ўсеагульны сход.

Наконт грэцкай ekklesia трэба сказаць больш. Эклесія – гэта праект аднаго з сямі грэцкіх мудрацоў, Салона, заснавальніка афінскай дэмакратыі. Эклесія ў задуме Салона – гэта народнае скліканне, у якім маглі (і павінны былі) браць удзел усе дарослыя мужчыны, якім споўнілася 18 гадоў. Эклесія была галоўным заканадаўчым органам у Афінах і мела яскрава эгалітарны характар: прадстаўнікі ўсіх грамадскіх слаёў належалі да эклесіі і маглі быць дапушчаны да кіраўнічых пасадаў.

Такім чынам, прыйшоўшы ў асяроддзе хрысціян, слова эклесія прынесла з сабой гэтыя два значэнні: група скліканых або пакліканых людзей, а таксама група людзей, роўных у сваіх правах, супольнасць, дзе, як казаў св. Павел, «няма ні мужчыны, ні жанчыны, ні юдэя, ні эліна, ні раба, ні гаспадара (пар. Гал 3: 28). Напрошваецца тады пытанне: у якім суаднясенні з ідэяй эклесіі знаходзіцца вобраз вайсковай дысцыпліны, які выкарыстоўвае Клімент Рымскі для павучэння карынфянаў наконт таго, якімі павінны быць стасункі ўнутры супольнасці хрысціян?

Тут няпроста даць адназначны адказ. Мы не маем інфармацыі наконт таго, што дакладна адбывалася ў карынфскай супольнасці, якія дакладна матывы рухалі тымі маладымі, якія збунтаваліся супраць старэйшынаў (прэзбітэраў). Сам па сабе напамін пра тое, што не ўсе могуць выконваць кіроўныя пасады, яшчэ не азначае, што аўтар адыходзіць ад ідэі эклесіі ці то ў адным, ці ў другім значэнні. Аднак, не даводзіцца сумнявацца ў тым, што Клімент прасоўвае мадэль дысцыплінаванай, іерархізаванай і ўнутрана згуртаванай супольнасці. Гэта значыць, інстытуцыі, дзе дэмакратычны элемент зведзены да мінімуму. У яго пасланні можам знайсці шэраг іншых пасусаў, якія сведчаць пра яго прыхільнасць іерархічнай мадэлі Царквы. Вось спасылка на іерархію ўнутры жывога арганізму:

Вялікія не могуць абысціся без малых, ані таксама малыя без вялікіх, але ўсе яны спалучаюцца і гэткім чынам становяцца карыснымі. Возьмем наша цела: галава будзе нічым без ног, падобным чынам і ногі без галавы. Нават нашы найменшыя члены патрэбныя і карысныя для ўсяго цела (ХХХVII, 4-5).

У іншым месцы знаходзім спасылку на строгасць парадку ў выконванні рытуальнага служэння ў Старым Запавеце:

Госпад загадаў, каб ахвярапрынашэнні і ўсё богаслужэнне адбывалася не бязладна і выпадкова, але ў адпаведныя перыяды і гадзіны. Прадпісаў, дзе і кім павінна быць тое ці іншае здзяйсняна, каб усё адбывалася святым спосабам згодна з Яго жаданнем і каб быў любы Ягонай волі (XL, 2-4). - Пасля гэтага святы Клімент кажа: - Дык жа няхай кожны з нас, браты, стараецца падабацца Богу на тым месцы, дзе пастаўлены, у простасці, згодна з унутраным распазнаннем, не парушаючы правілаў, акрэсленых для патрэб богаслужэння (LXI, 1).

Святы Клімент спасылаецца таксама на касмічную гармонію:

Нябёсы рухаюцца ў адпаведнасці з Божым распараджэннем і мірна падпарадкоўваюцца Яму. Дзень і ноч праходзяць шлях, вызначаны Богам і ніколі адно другому не перашкаджаюць. Сонца, месяц і сузор'і згодна кружляюць паводле Божага загаду і ў адпаведнасці з загадзя ўстаноўленым парадкам. (ХХ, 1-3).

Эклесія – як тое сугеруе святы Клімент Рымскі – павінна быць нечым накшталт космасу, гарманійнай і ўпарадкаванай цэльнасці, кіраванай сталымі і нязменнымі законамі. Эклесія павінна быць нечым накштал кола рытуальнага парадку, дзе паасобныя чальцы з'яўляюцца нічым большым і нічым меншым, як шпрыхамі гэтага кола. Альбо – трэцяя версія той самай мадэлі: эклесія – гэта арганізм, унутры якога паасобныя часткі маюць вартасць настолькі, наколькі служаць цэльнасці ўсяго арганізма. Урэшце, эклесія – гэта нешта накшталт войска, дзе адны падпарадкоўваюцца другім і дзякуючы гэтаму могуць функцыянаваць як цэлае.

Няма сумневу, што прапанова такой мадэлі эклесіі з боку св. Кльмента прадыктавана была пастырскім клопатам. Ён быў перакананы, што менавіта такая – унутранага згуртаваная, іерархізаваная супольнасць – здольная перажыць рознага роду ўнутраныя і вонкавыя цяжкасці. Аднак, захоўваючы належную павагу да думкі Клімента Рымскага можам разважаць і разглядваць магчымасць будавання Царквы як эклесіі ў першапачатковым сэнсе гэтага слова – як саборнага склікання роўных у правах пілігрымаў у накірунку бацькоўскага дома ў нябёсах.








All the contents on this site are copyrighted ©.