2011-04-04 13:15:22

"Зварот да вытокаў". Царква як велічная вежа (візіі Гермаса)


Рады зноў вітаць Вас у эфіры Ватыканскага радыё. Перад намі сёння не абы-якая задача: спасцігнуць сэнс пятага з'яўлення нябеснай жанчыны Гермасу, аўтару твора «Пастыр».

Памятаем, што пасля чацвёртага з'яўлення пажылой велічнай жанчыны, анёл адкрыў Гермасу ейнае імя: Эклесія, што значыць: царква. Незадоўга пасля гэтага Эклесія з'яўляецца зноўку – гэта ўжо пятае з'яўленне жаночага вобразу – і загадвае Гермасу ісці на поле. Неўзабаве і сама з'яўляецца там з шасцю юнакамі (відавочна, анёламі), кіруе да субяседніка свой напамін, заклікае да стойкасці і мужнасці. Потым адсылае юнакоў словамі: «Ідзіце будаваць». Пасля гэтага паказвае вежу, «якую тыя шэсць юнакоў будавалі на вадзе, выкарыстоўваючы ў якасці будаўнічага матэрылу яснеючыя чатырохвугольныя камені, прычым некаторыя з іх былі разбіваныя і адкідваныя вон» (Х).

- Што гэта за вежа? - пацікавіўся Гермас.
- Гэтая вежа – гэта я, Эклесія! - чуе ў адказ.(ХІ,3)

І тут усплывае ў памяці старазапаветны вобраз «Вежы Давідавай» - сімвалу славы і моцы Ерусаліма. У біблейнай кнізе «Песня па-над песнямі» закаханы юнак параўноўвае шыю сваёй узлюбленай да гэтай вежы:

Як Давідава вежа - шыя твая,
узнесеная ўгору,
тысячай шчытоў увешаная, -
а ўсе шчыты – дужых.
(Пп 4: 4, пераклад В. Сёмухі).

Такім чынам, вежа выдатна пасуе і ў якасці сімвала мужчынскае сілы (бо вежа – мілітарны аб'ект) і ў якасці сімвала жаночай красы (дзеля эстэтычнага эфекту, які рабіла на сваіх сузіральніках).

Атаесамленне вежы і жанчыны ў адной ідэі Царквы сігналізуе, бадай, усведамленне Гермасам моцы супольнасці веруючых у Хрыста. У піку пераследу хрысціян у другім стагоддзі, які наступіў у часы імператараў Адрыяна і Антонія Пія, Гермас як быццам сніць сон пра моцную, незалежную і трыюмфуючую Царкву. Спрадвеку створаная жанчына, якая вось сядзіць на троне і якой падпарадкоўваюцца нябесныя анёлы, а таксама магутная вежа, будаваная са ззяючых шляхетных камянёў – вось якой явіцца Царква ў візіях гэтага раннехрысціянскага візіянера. Ён як быццам эмпірычна перажывае словы апостала Паўла: «Моц у слабасці ўдасканальваецца» (1 Кар 12: 9).

Гермас пачынае пільна прыглядацца каменям, якія юнакі ўжываюць да пабудовы вежы. Заўважае, што яны рознага тыпу.

- Што значаць гэтыя белыя чатырохвугольныя камяні, якія выдатна пасуюць адзін да аднаго? - пытае Гермас у Эклесіі.
- Гэта апосталы, біскупы, вучыцелі і дыяканы, якія свецяць прыкладам добрага жыцця і згаджаюцца паміж сабой, - чуе ў адказ.
- А вунь тыя камяні, што з водных глыбіняў дастаюцца?
- Гэта мучанікі.
- А камяні з сушы, якія добра пасуюць да канструкцыі?
- Гэта праведнікі.
- А вунь тыя, прынесеныя здалёк і ўключаныя ў пабудову?
- Гэта навічкі, у якіх не знойдзена ніякага зла. Анёлы павучаюць іх, каб заўжды чынілі дабро.
- А тыя, адкідваныя камені, каго азначаюць?
- Гэта тыя, што саграшылі, але хочуць пакутаваць. Анёлы іх не адкідаваюць далёка [могуць у любы час вярнуцца]. Але што будзе, калі будова завершыцца, а яны так і не пакаюцца?

І так, у суме каля дзесяці катэгорый камянёў пералічвае Гермас, а Эклесія за кожным разам дае тлумачэнне, каго гэтыя камяні азначаюць. Варта тут, аднак, расшыфраваць яшчэ адзін сімвал. Вось жа фундаментам гэтай велічнай вежы з'яўляецца... вада!

- Дык паслухай – кажа Эклесія – чаму гэтая вежа будуецца на вадзе: бо праз ваду наша жыццё было збаўлена і надалей будзе збаўляцца! (ХІ,5)

Безумоўна, маецца на ўвазе таіства хрышчэння.

Апроч шасці юнакоў-будаўнікоў, Гермес пабачыў вакол вежы таксама сем жанчын, падтрымліваючых вежу. Што гэта былі за жанчыны і які дакладна пасыл хаваўся за іхнім з'яўленнем – пра гэта, шаноўныя слухачы, будзе гаворка роўна праз тыдзень, падчас нашай звычаёвай пятнічнай перадачы.

А зараз развітваюся, зычу цудоўнага ўікенду, няхай мір і мілата Ісуса Хрыста заўсёды будуць з Вамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.