2011-04-04 13:17:56

"Зварот да вытокаў". Трасфармацыя Царквы. Прыгожая і чыстая дзева як эсхаталагічны вобраз Хрыстовай Царквы (візіі Гермаса)


Дарагія слухачы Ватыканскага радыё! Вітаю Вас зноў на перадачы з цыклу «Зварот да вытокаў».

Сёння ў нас чацвёрты і апошні этап вандроўкі па містычнай прасторы, якая адкрываецца ў творы раннехрысціянскага візіянера Гермаса «Пастыр». Нагадаю, што мы спыніліся на той візіі аўтара, дзе ён бачыць вежу, будаваную з рознага тыпу каменяў шасцю юнакамі. Памятаем, што гэтая вежа, гэтаксама як і шляхетная пажылая жанчына, сімвалізуе Царкву – Эклесію.

У пэўны момант Эклесія дае Гермасу магчымасць пабачыць сем жанчын, якія акружаюць вежу і падтрымліваюць яе.

Паслухай цяпер – кажа Эклесія – якія яны маюць і імёны і заданні. Першая, якая трымае выцягнутыя рукі, гэта Вера. Другая, апаясаная, якая мае мужчынскі выгляд, гэта Самавалоданне. Наступныя: Шчырасць, Веда, Нявіннасць, Простасць і Любоў (XVI, 3-5).

Усе яны з'яўляюцца дочкамі адна адной. Любоў – дачка Простасці, Простасць – Нявіннасці, Нявіннасць – Веды, Веда – Шчырасці, Шчырасць – Самавалодання, а Самавалоданне – Веры. Вось так, пры дапамозе такой нетыповай генеалогіі аўтар «Пастыра» сфармуляваў сваю канцэпцыю хрысціянскай этыкі.

Варты ўвагі XVIII раздзел твора, дзе аўтар (і адначасова галоўны герой) вызнае, што яму з'яўляецца тая самая жанчына, якая з году ў год маладзее і явіцца ў іншай пазіцыі. І так:

Першы год: вельмі пажылая жанчына, якая сядзіць на троне.
Другі год: больш маладая тварам, але цела і валасы мае такія самыя. Яна стаіць.
Трэці год: цалкам маладая, надзвычай прыгожая і вясёлая (аднак, з валасамі той самай пажылой жанчыны). Яна сядзіць на канапе. (XVIII, 3-5)

На выясненне доўга чакаць не прыйшлося. Юнак (анёл) яму растлумачыў:

Чаму ў першым бачанні гэтая жанчына з'явілася ў выглядзе пажылой і чаму яна сядзела на троне? Бо ваш дух – кажа анёл у адрас хрысціянаў – састарэў і аслаб з-за недахопу працы і з-за вашага двудушша. (...) А тое, што яна сядзіць на троне – гэта з-за слабасці сваёй. (...) Чаму ў другім бачанні з'явілася больш маладая жанчына, якая ўжо стаяла? Бо ў сувязі з навяртаннем вяртаюцца да вас сілы і вы ўмацоўваецеся ў веры. (...) У трэцім бачанні з'явілася зусім маладая і прыгожая жанчына. Бо калі хтось, пагружаны ў клопатах, пачуе добрую навіну, то забывае пра ўсе свае турботы, а думкі яго кружаць выключна вакол гэтай навіны. А на канапе гэтая жанчына сядзіць, бо гэта пазіцыя ўпэўненасці, бо канапа мае чатыры ногі і стаіць непарушна. (ХІХ-ХХІ)

Такім чынам, тройчы яўленая жанчына – гэта вобраз унутранага стану Царквы і як калектыўнага цэлага і духоўнага свету паасобных людзей.

Крыху пазней Гермас бачыць жудасную пачвару, якая, аднак, не прыносіць яму шкоды, пасля чаго з'яўляецца чарговы жаночы вобраз:

«А калі я ўжо мінуў пачвару і прайшоў дзесь трыццаць крокаў, вось, выйшла мне насустрач дзяўчына, прыбраная так, як быццам толькі што выйшла са шлюбнага пакоя; яна была ўся ў белі і белых сандалях, накрытая вэлюмам аж да чала, а на галаве яе была мітра. Валасы ж яе былі белыя» (ХІІІ,1).

Хто гэта? Гэта тая самая Эклесія.

Гэта апошняе з'яўленне персаніфікаванай Царквы ў творы Гермаса. Заўважма, што ў гэтым апошнім з'яўленні Эклесія-Царква явіцца ў паўнаце сваіх эсхаталагічных рысаў, гэта 1) прыгожая, 2) чыстая, 3) надзеленая каралеўскай годнасцю НЯВЕСТА.

Ці верым мы, што наша Царква, праз няспыннае ачышчэнне, аднаўленне і праніканне Духам Святым паступова становіцца вось такою Нявестай? Ці верым, што і мы самі, дыхаючы тым самым Духам, становімся прыгожымі, чыстымі і набываем каралеўскую годнасць?

Гэтыя пытанні, навеяныя чытаннем «Пастыра» Гермаса, няхай застануцца для асабістага роздуму. А саму кнігу прарочых візій гэтага аўтара закрываем, каб адкрыць іншыя, не менш важныя творы раннехрысціянскага пісьменства. Але гэта мы зробім на наступнай перадачы.

На развітанне хачу шчыра павіншаваць усіх беларусаў з гадавінай абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, няхай той павеў волі і надзеі, які адчулі нашы продкі ў 1918 годзе, і сёння нас усіх натхняе і пабуджае да адказнасці за нашу Радзіму.

Слава Ісусу Хрысту!








All the contents on this site are copyrighted ©.