2011-04-04 13:05:44

"Зварот да вытокаў". Палікарп, Сакрат і этыка смерці


Шаноўныя слухачы Ватыканскага радыё! Рады вітаць вас на чарговай перадачы з цыклу «Зварот да вытокаў».

Як рэагаваць на смерць блізкага чалавека? Як сябе паводзіць, што рабіць і што казаць? Для нас, хрысціянаў, гэтыя пытанні з'яўляюцца нечым большым, чым пытаннем пра этыкет. Яны тычацца самых глыбінных вымярэнняў нашае веры. За імі хаваецца пытанне: як выражаць сваю веру ў змёртвыхпаўстанне ў момант смерці нашых бліжніх, асабліва, калі на працягу жыцця нас з імі звязвала сваяцтва, суседства, сяброўства, каханне...?

Я не прэтэндую даць адказ на гэтыя пытанні, але тое, што магу запрапанаваць у рамках нашага «звароту да вытокаў», гэта больш пільна прыгледзецца раннім хрысціянам: як яны рэагавалі на смерць блізкіх ім людзей, якім чынам праяўлялася іх вера ў змёртвыхпаўстанне ў такіх сітуацыях.

На гэтым тыдні, 23 лютага, Рыма-каталіцкая Царква ў літургіі ўспамінала святога Палікарпа, біскупа Смірны, вучня св. Яна Апостала і прыяцеля св. Ігната Антыяхійскага. Св. Палікарп за веру ў Хрыста быў спалены на кастры прыкладна ў 115 г. Праз нейкі час хтосьці (найпраўдападобней) з навочных сведкаў напісаў твор, які захаваўся да нашых часоў пад назвай Мучаніцтва святога Палікарпа. Паслухайма ўрывак з гэтага твору.

Калі ён завяршыў малітву і ў нябёсы ўзнеслася яго ўрачыстае «Амэн», людзі, адказныя за касцёр, уклалі ў яго агонь. І бліснуў пломень вялікі, і мы пабачылі дзівосную рэч, мы, якім дадзена было пабачыць і якія былі захаваны, каб іншым расказваць пра тое, што сталася. Пломень утварыў нешта накшталт скляпення або штось падобнае да надзьмутага ветрам ветразя, і нібы мур, акружыў цела мучаніка. І было ў сярэдзіне не палаючае цела, а нешта як быццам хлеб выпяканы або як золата або срэбра, выпрабоўванае ў вагні. І мы пачулі раскошны пах якбы кадзільнага дыму або іншага каштоўнага арамату (Мучаніцтва св. Палікарпа, ХV).

Гэтак невядомы аўтар апісвае мучаніцтва святога Палікарпа. Гэта не ёсць стэнаграфічнае апісанне падзеяў, няма сумневу, што аўтар, будучы глыбока ўзрушаны тым, што адбывалася, загадаў свайму пяру працаваць творча: месцамі згусціць фарбы, дадаць новыя колеры і стварыць патрэбныя адценні, каб атрымалася не сухая справаздача, а жывое, поўнае драмытызму і хараства, апавяданне. Але гэты твор пажадана чытаць не столькі як справаздачу, колькі як выраз перакананняў наконт таго, чым ёсць смерць праведніка. Смерць праведніка – гэта усяпальная ахвяра. А калі гэтая смерць з'яўляецца мучаніцкай, то набывае дадатковыя рысы: становіцца момантам перамогі мучаніка над катамі.

Чытаючы твор Мучаніцтва святога Палікарпа міжволі ўзнікаюць асацыяцыі з адным вельмі цікавым і багатым на духоўны змест творам дахрысціянскай пары, а менавіта дыялогам Платона пад назвай Федон, у якім літаратурныя героі размаўляюць пра апошнія дні філосафа Сакрата.

Седзячы побач з ім, я меў дзіўныя адчуванні. Я быў сведкам апошніх дзён блізкага сябра, але пры гэтым асаблівай горычы ў сувязі з яго хуткім адыходам не адчуваў, бо ён, ведаеш, выглядаў шчаслівым чалавекам, а я быў тым, хто назірае за паводзінамі і слухае прамовы гэтага шчасліўца! Ён паміраў настолькі бясстрашна і высакародна, што ўва мне з'явілася нават думка, што і на той свет ён адыходзіць не без боскага прадвызначэння, і што там, на тым свеце, ён будзе больш шчасны, чым хто-кольвечы іншы. Вось чаму я не адчуваў асаблівай горычы – насуперак усім чаканням, - аднак, разам з тым філасофкая бяседа (а менавіта такога тыпу размовы паміж намі вяліся) не прынесла мне такога задавальнення, як звычайна прыносіла. Гэта было нейкае цалкам небывалае адчуванне, нейкая дзіўная мяшанка задавальнення і журботы – пры думцы, што ён павінен вось-вось памерці. І ўсе, хто сабраліся ў вязніцы, былі амаль у такім жа стане духу, то смяяліся, то плакалі, а асабліва адзін з нас – Апаладор. Ты, пэўне, ведаеш гэтага чалавека і яго нораў (58е – 59а).

Хрысціяне з першых стагоддзяў, пры ўсёй глыбіні і жывасці сваёй веры, таксама мелі дзіўныя і неадназначныя адчуванні перад абліччам смерці блізкіх людзей. Памятаем з адной з папярэдніх перадач, што св. Ігнат Антыяхійскі мусіў нават настойліва прасіць рымлянаў, каб тыя не змагаліся за ўратаванне яго зямнога жыцця. Гэты парыў, каб змагацца за захаванне зямнога жыцця, каб аддаляць смерць настолькі, наколькі гэта магчыма – рэч цалкам натуральная і добрая. Прыказанне «не забівай» пацвярджае гэту натуральную схільнасць і надае ёй вышэйшы, рэлігійны сэнс. Зямное жыццё кожнага чалавека мае сваю непаўторную вартасць, сваю містэрыю і след, які чалавек пакідае на гэтым свеце, мае значэнне для гісторыі збаўлення.

Тым не менш, такія асобы, як Сакрат, св. Ігнат, св. Палікарп і многія іншыя, якія ўмелі шырока і шчыра ўсміхнуцца перад абліччам смерці, праз вякі нагадваюць прабываючым на зямлі людзям, што смерць у канчатковым плане – гэта нараджэнне. І так як у выпадку вядомага нам рэпрадукцыйнага нараджэння вялікі боль і вялікая радасць напаўняюць гэты момант, так дзеецца і ў выпадку пераходу на той свет.

Дзякую, паважаныя слухачы, за ўвагу. А Ісусу Хрысту, Даўцы жыцця і радасці – слава.








All the contents on this site are copyrighted ©.