2011-04-04 12:58:21

"Зварот да вытокаў" Жыццялюб, які ўсміхаецца перад абліччам смерці


Шаноўныя слухачы Ватыканскага радыё! Вітаю Вас на чарговай перадачы з цыклу «Зварот да вытокаў».

Асноўнай мэтай нашай сённяшняй вандроўкі ёсць абшар Малой Азіі пачатку другога стагоддзя, а духоўным гідам мае быць св. Ігнат, епіскап Антыёхіі, мучанік, сведка, духоўны настаўнік, спакою і мужнасці якога перад абліччам мучаніцкай смерці мог пазайзросціць не адзін расавы стоік таго часу. Св. Ігнат пакінуў пасля сябе не толькі прыклад таго, як можна захаваць усмешку і спакой духа, ідучы на сустрэчу з галоднымі ільвамі, але таксама сем пастырскіх пасланняў, у якіх паасобныя цэрквы маглі – як у люстэрку – пабачыць самі сябе – так пранікнёна і «эмпатычна» яны былі напісаны.

Вандруючы па абшарах старажытнага хрысціянства, карысным бывае час ад часу сустрэцца з тагачаснымі крытыкамі і апанентамі хрысціян і паслухаць, што і як яны казалі пра нашых даўніх братоў і сясцёр у Хрысце. Таму, ідучы на сустрэчу з Ігнатам Антыяхійскім, прапаную зайсці па дарозе да яго суродзіча, Лукіяна Самасацкага, рытара, плоднага пісьменніка-сатырыка, які пакінуў пасля сябе каля 80 твораў, дзейнасць якога прыпадае дзесь на другую палову другога стагоддзя.

У адным са сваіх дыялогаў «Смерць Перыгрына» Лукіян піша пра нейкага Пратэя Перыгрына, які, пабываўшы ў Палястыне, пазнаёміўся з хрысціянскім вучэннем і пачаў – як тое сугеруе Лукіян – вандраваць і абалваньваць многіх, прэзэнтуючы сябе як вялікага хрысціяніна-прарока.

І што ж! Стаў прарокам, правадыром культу, старшынёй супольнасці – усім чым заўгодна, і то ў адной асобе! Тлумачыў і выясняў іхнія кнігі, дый сам многа пісаў. А яны яго ледзь не за бога лічылі, заканадаўцам зрабілі, начальнікам устанавілі (...). І тады Пратэй, злоўлены з гэтай прычыны, быў кінуты ў вязніцу, што было якраз на руку для яго пагоні за вядомасцю, якою ён так вельмі даражыў. А як толькі трапіў у вязніцу, хрысціяне адразу ж заварушыліся і пачалі ўсё рабіць, каб яго выцягнуць адтуль. А калі выявілася, што гэта немагчыма, дык акружылі яго апекай, і то не абы якой, а вельмі стараннай. Ужо з самага рання можна было пабачыць седзячых каля яго келлі старыў удоваў і сіротаў, а тыя, хто па-над імі, дык, падкупіўшы стражу, унутры разам з ім спалі (11-12).

Лукіян мае нізкае меркаванне аб хрысціянах і цяжка сказаць, у якой спупені гэтая яго прадузятасць паўплывала на змест аповеду. Аднак, нават скрозь сатырычную прызму прадузятага апавядальніка выразна відаць тая салідарнасць і ахвярны клопат хрысціянаў адзін пра аднаго, а асабліва пра тых, хто здабыў у іх вачах духоўны або інтэлектуальны аўтарытэт.

Ігнат Антыяхійскі, без сумневу, цешыўся такім аўтарытэтам ува ўсім рэгіёне пярэдняй Азіі ды і ў Рыме. Адкінуўшы сатырычныя акуляры Лукіяна, можам пабачыць натоўпы ўдоваў, сірот, а таксама й заможных хрысціян, якія не давалі спакою дзесяці канваірам, якія везлі Ігната ў Рым на смерць. Той сёй меў сувязі ў высокіх колах у Рыме і гатоў быў выкарыстаць іх для ўратавання жыцця дарагога сведкі Евангелля. Магчыма, у пэўны момант і з Рыму паступіў сігнал, што баяцца няма чаго, бо рымская супольнасць хрысціян мае магчымасці паўплываць на сітуацыю і выратуе жыццё стаўнага епіскапа. Але ад самога Ігната паступае зваротны сігнал: не трэба, браты, прашу вас, нічога не рабіце, каб ратаваць мяне!

Ігнат называе рымскую хрысціянскую супольнасць «лідэрам у любові», але некалькі радкоў далей кажа:

Аднак жа баюся вашай любові, бо яна можа прынесці мне крыўду. Бо вам лёгка зрабіць тое, што хочаце зрабіць, а вось мне цяжка будзе здабыць Бога, калі вы не злітуецеся нада мной (Пасланне 4. І. 2). (...) Пішу усім цэрквам і ўсім паўтараю, што я паміраю за Бога па ўласнай волі – калі толькі вы не перашкодзіце. Малю вас, не будзьце несвоечасова зычлівымі. Дазвольце мне стацца стравай для дзікіх звяроў, дзякуючы якім я змагу здабыць Бога. Я з'яўляюся пшаніцай, а змелены звярынымі зубамі, стану чыстым хлебам Хрыста. (...) Прасіце за мяне Хрыста, каб пры дапамозе звяроў стаўся ахвярай для Бога. (Пасланне 4. IV. 1)

Гэтая лёгкасць, з якой Ігнат гаворыць пра перспектыву сваёй пакутніцкай смерці, не можа не ўражваць. Пры гэтым – дадаць варта – галоўнай тэмай пасланняў Ігната ёсць не яго асабістая сітуацыя, а сітуацыя цэркваў у паасобных рэгіёнах. Пры чытанні пасланняў св. Ігната паўстае ўражанне, што іх піша не арыштант, якога вязуць на смерць, а свабодны, энергічны, поўны жыцця і радасці чалавек. Тут ён аналізуе памылкі дакетаў, там паказвае спецыфіку хрысціянства ў стасунку да юдаізму, шмат дзе дае парады наконт таго, як захаваць еднасць, прапануе канкрэтных асоб, якіх можна было б выслаць з місіяй замацавання еднасці ў цэрквах, а паўсюль дзякуе, радуецца, выражае надзею, любоў і вернасць Хрысту.

Падарожжа пад канвоем у Рым – гэта для Ігната своеасаблівая пілігрымка, а перспектыва смерці – ахвяра, якую ў рамках гэтай плігрымкі ён мае намер скласці. Смерць, здавалася б, неайбольш драматычны і ўсёпаглынальны момант чалавечай экзістэнцыі, у св. Ігната явіцца як мала значны эпізод, на якім ён нават не засяроджваецца. Такое ўражанне, што ён бы ўвогуле пра яе не ўспамінаў у сваіх пасланнях, калі б не гэтая «несвоечасовая зычлівасць» рымлянаў, якія задумалі ратаваць яго ад смерці.

Святы Ігнат, арыштант, везены на смерць, поўнасцю акцэптуючы перспектыву смерці, явіцца перад намі як вялікі жыццялюб, як той, хто глыбока любіць жыццё і любіць глыбокае жыццё, жыццё, якое працякае глыбей, чым адхлані смерці.

Дзякую за ўвагу! Развітваюся да наступнай сустрэчы ў эфіры. Слава Ісусу Хрысту!








All the contents on this site are copyrighted ©.