2011-04-04 13:08:50

"Зварот да вытокаў". Жанчына, як праваднік па свеце містыкі (Візіі Гермаса).


Добры вечар, шаноўныя слухачы Ватыканскага радыё! Рады вітаць Вас на чарговай перадачы з цыклу «Зварот да вытокаў».

Сёння мы звернемся да аднаго з найбольш таямнічых і інтрыгоўных твораў ІІ стагоддзя, які па сваёй стылістыцы і тэматыцы нагадвае Апакаліпсіс Яна Багаслова. Твор называецца «Пастыр», а яго аўтарам з'яўляецца якісь хрысціянскі візіянер па імені Гермас.

Мой гаспадар, які выхаваў мяне, прадаў мяне ў Рыме пэўнай спадарыні, імя якой было – Родэ. Праз нейкі час я пабачыў яе зноў і пакахаў як сястру. Крыху пазней я ўбачыў Родэ, калі купалася ў Тыбры. Я падаў ёй руку і дапамог выйсці з ракі. А бачачы яе прыгажосць, падумаў у сэрцы сваім: вось было б шчасце, калі б меў жонку, поўную такога хараства і з такім шляхетным характарам (Пастыр, І, 1-2).

Гэтак пачынаецца твор Гермаса. Можна было б падумаць, што гэта пачатак рамантычна-настальгічнай аўтабіяграфіі, прэлюдыя да аповеду пра няшчаснае каханне слугі да сваёй гаспадыні. Дарэчы, прачытанае апісанне падзей выглядае даволі рэалістычна і не даводзіцца падазраваць, што неўзабаве мы будзем узняты высока-высока ў абшар прароцкіх візій і апакаліптычных вобразаў.

Правадніком у гэты высокі й шматвымерны свет будзе жанчына.

Падчас малітвы – чытаем – адкрылася неба і я пабачыў тую жанчыну, якая распаліла ўва мне жадобу. Яна вітае мяне з нябёсаў: «Вітанне, Гермас!» Гляджу на яе і пытаю: «Мая спадарыня, што ты тут робіш?» Яна ж адказала: «Я ўзята на нябёсы, каб сведчыць пра грахі твае перад Госпадам. (...) Бог гневаецца на цябе, бо ты зграшыў супраць мяне» (І, 4-5.6в).

Што ж, балесная візія. Няшчаснае каханне, памножанае на пачуццё віны, дае нязносны боль. Магчыма, гэтая візія стала наступствам перажывання Гермасам якогась болю, які цяжка было выразіць, а які сам выразіўся праз серыю спантанных бачанняў. Аналітычны псіхолаг Карл Юнг схільны інтэрпрэтаваць іх як праяву выцесненых у несвядомае эратычных памкненняў. Выцесненае libido, магчыма, было адным з фактараў балесных перажыванняў Гермаса. Аднак наўрад ці гэта быў галоўны фактар. Чытаючы далей «Пастыра», пачынаем бачыць, што аўтара гэтага твора вельмі рупіць пытанне пра магчымасць тзв. «другога пакаяння». У тыя часы таінства споведзі ў сённяшнай версіі не існавала. Хрысціяне ведалі толькі хрышчэнне як момант разрыву з грэшным жыццём, пасля якога чалавек нараджаўся для Валадарства нябеснага і павінен быў застацца верным прынятай веры аж да смерці. А што з тымі, хто не выстаялі? Што з тымі, хто пад уплывам пераследаў і катаванняў адрокся ад Хрыста?

У некаторых візіях Гермаса з'яўляецца згадка пра сыноў, якіх ён не выхоўваў належным чынам і якія цяжка саграшылі. Што гэта за сыны? У выпадку твораў такога гатунку, як «Пастыр», рэальнае перамешваецца з ідэальным, а кожны вобраз, падзея, асоба могуць быць алегорыяй або метафарай. Таму няма пэўнасці, ці гаворка там ідзе пра натуральных сыноў аўтара, ці пра сыноў у нейкім іншым сэнсе. Так ці інакш, візіянер перажывае за лёс гэтых «сыноў» і разважае пра яго асабістую адказнасць за тое, што яны «саграшылі».

Вернемся, аднак, да вобразу жанчыны. Бачанне маладой прыгожай жанчыны, якую Гермас атаясамлівае са сваёй былой гаспадыняй Родэ, знікае, а з'яўляецца перад ім пажылая сівавалосая жанчына, апранутая ў яркія шаты. Яна ўручае Гермасу таемную кнігу, якую ён перапісвае, аднак сэнс напісанага пачаткова не можа адкрыць. Пасля пятнаццаці дзён посту і шматлікіх малітваў змест кнігі быў яму адкрыты. А змест зводзіўся да таго, што яго блізкія людзі – сыны і сужонка – цяжка саграшылі. Але кульмінацыяй гэтага адкрыцця ёсць тое, што існуе шанец на ачышчэнне – як для Гермаса, так і для яго блізкіх.

Ты, Гермас – кажа пажылая жанчына – не памятай зла сваіх дзяцей і не гані прэч сваёй сястры. Застаючыся з табой, яны ачысцяцца ад сваіх даўніх грахоў (VII, 1) .

Жанчына пазначае пры гэтым, што сам Гермас выстаяў перад абліччам выпрабаванняў і не паддаўся злу. Тым не менш, нейкае пачуццё вінаватасці ўвесь час вярэдзіць візіянера, набываючы часам даволі гвалтоўныя і кампульсіўныя формы.

Я прыбыў на тое месца, дзе дамовіўся спаткацца з той пажылой жанчынай. І бачу, што стаіць канапа са слановай косці, а на ёй – ільняная падушка, а на версе – распасцёртае тонкае палатно. Пабачыўшы гэтыя прадметы ў месцы, дзе нікога не было, я вельмі сумеўся, працяў мяне страх і валасы сталі дыбам. Сполах мяне ахапіў, бо я быў абсалютна самотны. Але, апрытомнеўшы, я згадаў пра Божую хвалу і адвага вярнулася да мяне. Тады я ўпаў на калені і зноўку, так як і папярэдне, пачаў вызнаваць перад Госпадам свае грахі (ІХ, 4-5).

Страх, самота, пачуццё вінаватасці – гэта праблема многіх людзей. Псіхолагі прызнаюць, што гэтыя станы абумоўлены не столькі псіхалагічнымі, колькі духоўнымі фактарамі. «Я згадаў пра Божую хвалу і адвага вярнулася да мяне» - гэтае вызнанне надзвычай павучальнае. Праслаўленне Бога можа мець тэрапеўтычнае значэнне.

Дзякую, паважаныя слухачы за ўвагу, зычу добрага ўікенду і развітваюся да наступнай пятніцы. Слава Ісусу Хрысту!








All the contents on this site are copyrighted ©.