2011-04-04 12:34:54

Арцыбіскуп Кандрусевіч: у 20-гадовым узросце ўжо трэба прымаць адказныя рашэнні


RealAudioMP3 Касцёл у Беларусі адзначае ў гэтым годзе 20-годзе стварэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі. Гістарычнасць гэтай падзеі адзначыў у сваім лісце да вернікаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

“У 1989 г., пасля многіх дзесяцігоддзяў ганенняў на Касцёл, Ян Павел II прызначыў першага біскупа ў якасці Апостальскага Адміністратара для католікаў лацінскага абраду ў Беларусі, якім выпала павага стаць мне” - адзначыў іерарх. “Затым наступіў памятны дзень 13 красавіка 1991 г.,(…) калі ў Беларусі была ўстаноўлена Мінска-Магілёўская мітраполія. (…) Адначасова былі прызначаны біскупы гэтых іерархічных структур: (…) ксёндз прэлат Казімір Свёнтэк стаў першым Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Мітрапалітам і адначасова Апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі, а пробашч парафіі Святога Духа ў Вільні ксёндз Аляксандр Кашкевіч – першым Гродзенскім біскупам”. “Пасля трох пакаленняў ганенняў вернікі, нарэшце, атрымалі рэлігійную свабоду, якая па сваёй сутнасці з’яўляецца крыніцай і сінтэзам усіх правоў чалавека” - заўважыў арцыбіскуп Кандрусевіч. У 1999 г. да структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі далучылася новаўтвораная Віцебская дыяцэзія і прызначаны яе першы біскуп – пробашч магілёўскай катэдры кс. Уладзіслаў Блін.

“Адзначаючы 20-годдзе адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, урачыстае святкаванне чаго адбудзецца 19 чэрвеня 2011 г., - нагадаў ў сваім пасланні Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі - мы павінны яшчэ раз падзякаваць Богу за тое, што падчас ганенняў Ён пасылаў нам сапраўды святых, руплівых і адданых справе служэння Касцёлу святароў. Іх было мала. Ім было вельмі цяжка”. Паводле іерарха, сёння мы павінны дзякаваць Богу за нашых бацькоў і дзядоў, якія ў вельмі складаных абставінах, калі веруючага лічылі чалавекам другой катэгорыі, змаглі не толькі захаваць веру, але і перадаць яе маладым пакаленням. “Вучылі як маглі, без філасофскай і тэалагічнай мудрасці”.

Кажучы аб перспектыве развіцця Касцёла ў Беларусі Мітрапаліт заўважае, што сёння “нельга жыць толькі гісторыяй. З яе трэба вучыцца і на ёй трэба будаваць”. А будаваць, паводле яго, ёсць што.

“20 гадоў адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі – невялікі прамежак часу ў гісторыі. Аднак, з іншага боку, - заўважыў у сваім лісце арцыбіскуп Кандрусевіч - чалавек у 20-гадовым узросце ўжо павінен, або вельмі хутка будзе павінен, прымаць адказныя рашэнні”. “Трэба належным чынам выкарыстоўваць наяўныя магчымасці, каб мы так лёгка не паддаваліся секулярным і лібералістычным тэндэнцыям, плылі не па цячэнню, але супраць яго” - заклікаў святароў і вернікаў у сваім пасланні Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.







All the contents on this site are copyrighted ©.