2011-04-03 14:34:20

Беларусь: хвілінай маўчання і малітвай моладзь ўшанавала 6 гадавіну з дня смерці Яна Паўла ІІ


RealAudioMP3 2 красавіка ў шостую гадавіну смерці Яна Паўла ІІ моладзь Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі сабралася на супольнай малітве ў менскай катэдры. Сустрэча пачалася хвілінай маўчання ў гонар Вялікага Папы.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сказаў сабранай ў катэдры моладзі: “Сёння, 2 красавіка, мы адзначаем шостую гадавіну смерці Вялікага Папы, Яна Паўла ІІ, які будзе беатыфікаваны 1 мая”. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі нагадаў, што Пантыфік даў пачатак традыцыі штогадовых Сусветных дзён моладзі. Упершыню маладыя людзі з Беларусі ды іншых краін былога Савецкага Саюза маглі ў іх удзельнічаць у 1991 годзе ў Частахове.

Арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што гэтыя сустрэчы засталіся ў памяці маладых людзей, у тым ліку і беларусаў, “як бласлаўлёныя моманты, якія прывялі іх да свабоды ў Божым Духу”.

Арцыбіскуп сказаў, што “адыходзячы да дому Нябеснага Айца, папа Ян Павел ІІ звярнуўся да моладзі, якая сабралася на плошчы Святога Пятра са словамі: “Я шукаў вас, цяпер вы прыйшлі да мяне, і за гэта я дзякую вам”. Так Папа гаварыў да нас, і мы прыйшлі сёння, каб размаўляць аб свабодзе ў Хрысце”, - сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.








All the contents on this site are copyrighted ©.