2011-04-01 16:14:47

“Бог ёсць любоў” – другое вялікапостнае казанне айца Канталамесы


RealAudioMP3 1 красавіка, Бэнэдыкт XVI, разам з прадстаўнікамі Рымскай курыі выслухаў другое казанне айца Раньера Канталамесы, прапаведніка Папскага дома. Сённяшняе разважанне айца Канталамесы называлася “Бог ёсць любоў”.

У ім вядомы прапаведнік закрануў розныя аспекты Боскай прыроды. Па-першае, ён звярнуў увагу на прысутнасць любові ў вечнасці. “Св. Ян прадстаўляе нам не толькі Бога, які любіць, але Бога, які сам з’яўляецца любоўю. “На пачатку была любоў, і любоў была ў Богу і Бог быў любоўю”: так мы можам патлумачыць, яго словы “Бог ёсць любоў”, - адзначыў айцец Канталамеса. Акрамя таго, ён дадаў: “Сёння ідзе шмат дыскусій аб існаванні Бога; але я веру, што больш важнай з’яўляецца вера у тое, што Бог ёсць любоўю. Калі б, напрыклад, Ён існаваў, але не быў любоўю, для нас было б больш падставаў баяцца яго, чым радавацца, што нажаль, вельмі часта здаралася ў многіх народаў і цывілізацый”.

“Калі любоў, якая існуе па-за часам увайшла ў наш свет, пачалася гісторыя збаўлення. І першым яе этапам было стварэнне. Бог стварае з любові”, адзначыў прапаведнік. “Як адрозніваецца хрысціянскае бачанне стварэння сусвету ад атэістычнага? - запытаў ён - Параўнайце: якія могуць з’явіцца глыбокія перажыванні калі малады чалавек ці дзяўчына даведаюцца, што з’явіліся на гэты свет выпадкова, нечакана, непажадана, праз памылку бацькоў. Навуковы атэізм прапаноўвае менавіта такія перажыванні ўсяму чалавецтву”, - сказаў айцец Канталамеса.

Прапаведнік Папскага дома звярнуў увагу на праяву Боскай любові ў аб’яўленні прарокам і ў сваім уцелаўленні. “Уцелаўленне з’яўляецца кульмінацыяй Божай любові. Бог хацеў уцелаўлення Свайго Сына, не толькі каб мець кагосці па-за Сабой хто будзе любіць Яго годным спосабам, але перш за ўсё, каб мець па-за Сабой кагосці, каго Ён будзе любіць спосабам годным Сябе!”, - адзначыў італьянскі капуцын.

Акрамя таго, ён звярнуў увагу на тое, што “гісторыя Божай любові не скончылася з Пасхай, але працягваецца і сёння. Божая любоў улілася ў нашыя сэрцы праз Святога Духа, які да нас быў пасланы. І так мы сталі “удзельнікамі Боскай прыроды”, г.зн. удзельнікамі Божай любові”.

Напрыканцы свайго казання айцец Канталамеса заахвоціў верыць у любоў Бога, негледзячы на тое, што гэтая любоў застаецца вялікай таямніцай. “Людзі маюць патрэбу верыць, што Бог іх любіць і ніхто лепш за вучняў Хрыста не зможа перадаць ім гэтую добрую навіну”, - адзначыў у сваім другім велікапосным казанні прапаведнік Папскага дома.







All the contents on this site are copyrighted ©.