2011-03-30 12:48:28

Украіна: новы глава грэка-католікаў аб будучыні Царквы


RealAudioMP3 Прысутнасць Грэка-каталіцкай Царквы, не толькі ў Заходняй Украіне, але і на ўсходзе і поўдні краіны, не накіравана супраць каго-небудзь. Наадварот, гаворка ідзе аб тым, каб "быць разам", - заявіў на сваёй першай прэс-канферэнцыі новаабраны Вярхоўны архіепіскап Кіева-Галіцкі Святаслаў Шаўчук.

Ён расказаў аб душпастырскіх мэтах Царквы ў розных рэгіёнах Украіны. Першая прычына яе прысутнасці – неабходнасць душпастырскай апекі над грэка-католікамі. “Яны апынуліся ва ўсходняй і паўднёвай частках Украіны з-за сталінскай дэпартацыі” - нагадаў архіепіскап Шаўчук.

Другі матыў – гэта імкненне да супрацоўніцтва і згоды з украінскімі праваслаўнымі вернікамі. "Мы хочам быць разам з нашымі братамі праваслаўнымі, а не супраць іх", - сказаў новы глава грэка-католікаў. Ён падкрэсліў, што менавіта таму сядзіба архіепіскапа была перанесена ў 2004 годзе з Львова ў Кіеў.

Трэцяя прычына прысутнасці Грэка-каталіцкай Царквы ў розных рэгіёнах Украіны – евангелізацыйная. Многія людзі нічога не ведаюць аб Царкве і трэба даць ім шанс убачыць яе.

Ён выказаў радасць з прысутнасці на інтранізацыі ў Кіеве епіскапаў з трох Праваслаўных Цэркваў, якія дзейнічаюць на Украіне. Ён сказаў, што хоча супрацоўнічаць з імі, каб захаваць традыцыі і хрысціянскія каштоўнасці ў грамадстве.

Іерарх запэўніў, што будзе прыкладаць намаганні, каб Грэка-каталіцкая Царква была жывой Царквой Хрыстовай, адкрытай для ўсіх, асабліва для маладых людзей. Таму архіепіскап Шаўчук лічыць вельмі важнай падрыхтоўку маладых святароў, якія таксама могуць весці душпастырства сярод сучаснай украінскай эміграцыі на розных кантынентах, у тым ліку і ў Паўднёвай Афрыцы.

Іерарх падкрэсліў, што Украінская Грэка-каталіцкая Царква хоча бараніць традыцыйныя хрысціянскія каштоўнасці на еўрапейскім кантыненце ў рамках стратэгічнага альянсу паміж Рускай Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам, які быў нядаўна прапанаваны Маскоўскім Патрыярхатам.







All the contents on this site are copyrighted ©.