2011-03-30 12:04:08

Бэнэдыкт ХVI заклікаў да абароны сям’і і жыцця


RealAudioMP3 У сталіцы Калумбіі Багаце праходзіць сустрэча кіраўнікоў камісій лацінаамерыканскіх епіскапатаў па справах сям’і і абароны жыцця. Форум, які будзе працягвацца да 1 красавіка. У сустрэчы прымае ўдзел старшыня Папскай рады па справах сям’і, кардынал Эніё Антанэллі.

Сваё пасланне да ўдзельнікаў форуму скіраваў папа Бэнэдыкт ХVI. Пантыфік заўважыў, што з болем назірае за складанай сітуацыяй сем’яў, якая падыктавана рэзкімі зменамі ў культуры, сацыяльнай нестабільнасцю, эміграцыяй, беднасцю і ілжывымі ідэалогіямі. “І гэтыя праблемы не павінны пакінуць нас абыякавымі, - падкрэсліў Папа. - У Евангеллі мы знаходзім святло, каб адказаць на іх і не падаць духам”.

У сваім пасланні Святы Айцец заклікае ўдзельнікаў форума да намаганняў, каб кожная сям’я, заснаваная на непарыўным саюзе мужчыны і жанчыны была школай супакою і асяроддзем, якое з радасцю прымае жыццё і абараняе яго ад зачацця да натуральнай смерці. “Мы павінны таксама падтрымліваць бацькоў у іх асноўным праве і абавязку выхавання маладога пакалення, - напісаў у сваім звароце Пантыфік. - Трэба не баяцца паказваць прыгажосць, высокія ідэалы і маральныя патрабаванні жыцця ў Хрысце”.

“Важна таксама супрацоўнічаць з усімі людзьмі добрай волі ў абароне чалавечага жыцця, сужэнства і сям’і”, - напісаў папа Бэнэдыкт ХVI да ўдзельнікаў форуму ў Багаце.







All the contents on this site are copyrighted ©.