2011-03-30 14:11:09

Бэнэдыкт XVI прысвяціў агульную аўдыенцыю св. Альфонсу Марыі Лігуоры


RealAudioMP3 30 сакавіка ў Ватыкане адбылася традыцыйная агульная аўдыенцыя з удзелам папы Бэнэдыкта XVI. Пасля прывітання прысутных Пантыфік прамовіў катэхезу, якая была прысвечана сёння Альфонсу Марыі Лігуоры – італьянскаму святару, заснавальніку кангрэгацыі айцоў рэдэмптарыстаў, паэту, біскупу, святому і доктару Касцёла.

Пантыфік распавёў, што св. Альфонс Лігуоры нарадзіўся ў 1696 г. у шляхетнай і багатай сям’і. Атрымаўшы выдатную адукацыю, ён пачаў кар’еру ў юрыдычнай сферы і хутка стаў самым вядомым адвакатам у Неапалі. “Аднак у сваёй душы, якая прагнула Бога і шукала шляхоў да дасканаласці, ён адчуў, што Пан кліча яго да іншага паклікання. Так, у 1723 г. ён пакінуў сваю прафесію, а разам з ёй свае багацці і поспех, і вырашыў стаць святаром”, - распавёў Святы Айцец.

Атрымаўшы святарскае пасвячэнне, Альфонс Лігуоры, уключыўся ў справу евангелізацыі, працуючы ў самых бедных і небяспечных раёнах горада. “І хутка, пачалі з’яўляцца першыя вынікі працы – у гэтых раёнах павялічваліся групы людзей, якія па вечарах збіраліся для супольнай малітвы і разважання над Божым словам. Такія групы дзейнічалі пад кіраўніцтвам святароў ці катэхетаў, падрыхтаваных будучым святым. Па жаданні мясцовага біскупа месцы гэтых спатканняў былі перанесены ў невялікія касцёлы. Яны атрымалі назву “сірацінскія капліцы”. Такія месцы сталіся сапраўднымі крыніцамі маральнага выхавання і сацыяльнай рэабілітацыі. Крадзяжы, напады на грамадзян і прастытуцыя ў такіх раёнах амаль зніклі”, - падкрэсліў Бэнэдыкт XVI.

“Нават калі сацыяльны і рэлігійны кантэкст эпохі св. Альфонса вельмі адрозніваецца ад нашага, “сірацінскія капліцы” з’яўляюцца місіянерскім узорам, ад якога мы можам чэрпаць натхненне нават сёння для “новай евангелізацыі”, асабліва сярод бедных. Гэта неабходна каб збудаваць грамадства больш справядлівае, братэрскае і салідарнае. Святарам даверана духоўнае заданне, але добра падрыхтаваныя свецкія могуць быць эфектыўнымі хрысціянскімі аніматарамі, сапраўднымі евангелічнымі дрожджамі у нашым грамадстве”.

Папа распавёў, таксама, што “Альфонс Лігуоры марыў аб тым, каб стаць місіянерам сярод язычніцкіх народаў, але спаткаўшыся з праблемамі мясцовых сялян, вырашыў прысвяціць сябе працы з гэтымі людзьмі. У 1732 годзе будучы святы заснаваў “Манаскае таварыства Найсвяцейшага Адкупіцеля” і стаў яго кіраўніком. Мэта гэтай супольнасці заключалася ў евангелізацыі і апостальскай працы ў сельскіх рэгіёнах краіны”.

У 1787 г. пасля доўгай хваробы Альфонс Марыя Лігуоры памёр. Ён быў кананізаваны ў 1839 г., а ў 1871 быў абвешчаны Доктарам Касцёла. Папа Пій ХІІ назваў яго “апекуном усіх спаведнікоў і абаронцаў маральнасці”.

Падчас аўдыенцыі Бэнэдыкт XVI распавёў аб некаторых кнігах святога, такіх як “Маральная тэалогія”, “Найвялікшая вечнасць”, “Хвала Марыі”, “Практыка любові да Езуса Хрыста”. “У сваіх кнігах адзначыў - Бэнэдыкт XVI - аўтар “звяртае ўвагу на неабходнасць малітвы, якая заключаецца ў адкрыцці на Божую ласку, неабходную для таго, каб штодзённа выконваць Божую волю і імкнуцца да ўласнай святасці. У гэтым кантэксце, мне адразу ўзгадваюцца словы майго вялікага папярэдніка, Слугі Божага Яна Паўла ІІ, які казаў, што “нашыя хрысціянскія супольнасці павінны стаць “школамі малітвы”, - узгадаў Пантыфік.

Яшчэ адной формай малітвы, аб якой пісаў св. Альфонс і аб якой нагадаў сёння Папа, з’яўляецца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнта. “Канешне, - піша св. Альфонс – сярод усіх рэлігійных абрадаў адарацыя Езуса Эўхарыстычнага з’яўляецца першай пасля сакрамэнтаў, найбольш дарагой Богу і найбольш карыснай для нас”.

“Святы Альфонс Марыя Лігуоры з’яўляецца прыкладам дбайнага святара, які заваёўваў душы прапаведваючы Евангелле і здзяйсняючы Сакрамэнты. Яго дзейнасць мела свае карані ў салодкай і сціплай дабрыні, якая нараджалася ад блізкіх адносінаў з Богам, Бясконцай дабрынёй. Ён меў рэлістычна-аптымістычнае бачанне рэсурсаў дабра, якія Пан дае кожнаму чалавеку. Ён адзначаў важнасць сэрдэчнай прывязаннасці, пачуццяў і розуму ў здольнасці любіць Бога і бліжняга”.

Пантыфік звярнуў увагу на тое, што святы Альфонс Лігуоры “паказвае нам, што святасць даступна кожнаму хрысціяніну: “Святару – святарская, свецкаму – свецкая, сужэнству – сужэнская, працаўніку – працоўная, салдату – салдацкая і так кажучы аб усіх ішых станах”.

На прыканцы сённяшняй агульнай аўдыенцыіі Святы Айцец скіраваў заклік да народу Кот д’Івуара, які апошнія некалькі месяцаў вельмі пакутуе ад унутраных разладаў і сур’ёзнай сацыяльнай і палітычнай напружанасці.

Бэнэдыкт XVI заклікаў народ гэтай краіны “тэрмінова пачаць канструктыўны дыялог у мэтах супольнага дабра”, а таксама “аднавіць павагу адно да аднаго і мірнае суіснаванне”. З мэтай спрыяння гэтаму працэсу Пантыфік накіраваў у Кот д’Івуар кардынала Петэра Кодво Тарксана, кіраўніка Папскай рады “Справядлівасць і мір”.

Акрамя таго Папа прывітаў прысутную на аўдыенцыі дэлегацыю Украінскай грэка-каталіцкай Царквы, якая прыбыла ў Рым на чале са сваім новаабраным Вярхоўным архіепіскапам Кіева-Галіцкім Святаславам Шаўчуком, каб выказаць сваю павагу і ўдзячнасць Святому Айцу за зацвярджэнне выбару Святога Сіноду.







All the contents on this site are copyrighted ©.