2011-03-30 11:50:35

Архіепіскап Хрызастом: адзіным матывам візіту ў Ватыкан была просьба аб дапамозе


RealAudioMP3 “Бэнэдыкт XVI вельмі добра паінфармаваны аб становішчы хрысціян на Блізкім Усходзе, і калі б мог, узняў голас”, - заявіў пасля сустрэчы з Папам, глава Праваслаўнай Царквы Кіпра архіепіскап Хрызастом II. Ён даў інтэрв’ю італьянскай газеце "Il Foglio".

“Пасля Рэгенсбурга Папа зразумеў, што моцнымі словамі мэты не дасягнуць, што не можа сказаць да канца таго, што думае”, - заўважыў архіепіскап. “Але ў Рэгенсбургу ён сказаў вельмі ясна: іслам павінен адмовіцца ад гвалту і выкарыстання Бога для апраўдання рэлігійнай нянавісці”, - сказаў праваслаўны іерарх.

Прызнаў, што адзіным матывам яго візіту ў Ватыкан была просьба аб дапамозе. "Я папрасіў Папу, а праз яго Еўрапейскую супольнасць, каб зрабіла нешта для хрысціян на Блізкім Усходзе, якія, падобна нам, знаходзяцца пад кантролем ваенных рэжымаў. Пад выглядам дэмакратыі, гэтыя рэжымы імкнуцца выключна да агульнай ісламізацыі. Іслам знаходзіцца ў наступленні, па-ранейшаму заваёўвае новыя пазіцыі. Мы на Кіпры адчуваем гэта больш, чым вы, але гэта тычыцца ўсёй Еўропы", - сказаў архіепіскап Хрызастом.

Глава Кіпрскай Праваслаўнай Царквы прызнаў, што сярод мусульманскіх кіраўнікоў шмат людзей разумеючых. Але, на яго думку, яны не ў стане спыніць напору радыкалаў. Ён таксама заклікаў да развагі адносна еўрапейскіх імкненняў Турцыі, займаючай частку Кіпра.

"Некаторыя ў Еўропе лічаць, што Турцыя з'яўляецца дэмакратычнай краінай, і гатовая да інтэграцыі з Еўрапейскім саюзам, - заўважыў праваслаўны іерарх. - Тым, хто так думае, я б сказаў: адкрыйце вочы. Прыязджайце на Кіпр і паглядзіце: цэрквы ператварыліся ў непрыдатнасць, нікому не дазволена адпраўляць там набажэнствы. Хіба гэта дэмакратыя?"- запытаў архіепіскап Хрызастом.








All the contents on this site are copyrighted ©.