Кардынал Шонборн звярнуў увагу на пераслед хрысціянаў
Палітыкі не павінны
забывацца аб пакутах пераследаваных хрысціянаў на Блізкім Усходзе і ў іншых частках
свету. Гэта падкрэсліў кардынал Крыстаф Шонборн, пасля афіцыйнай сустрэчы ў Вене прадстаўнікоў
рэлігійных супольнасцяў Аўстрыі з міністрам замежных спраў Міхаэлем Шпіндэлегерам.
Паміма
прагрэсу ў асобных пытаннях "культурная, прававая і рэлігійная сітуацыя хрысціян у
мусульманскіх краінах далёкая ад стандартаў у галіне правоў чалавека", - сказаў старшыня
аўстрыйскай біскупскай канферэнцыі.
Кардынал падкрэсліў, што становішча хрысціян
у Іраку і нядаўнія выбухі ў Егіпце ў пачатку гэтага года сведчаць аб тым, што рэлігійная
свабода ў якасці "асноўнага права чалавека" парушаецца ў гэтых краінах. У гэтым кантэксце,
іерарх з задавальненнем адзначыў дзейнасць Аўстрыі ў гэтым напрамку, і сказаў, што
ўрад мае станоўчае стаўленне да хрысціян, і не з-за "рэлігійных перакананняў", а таму,
што "свабода веравызнання з'яўляецца фундаментальным правам чалавека, парушэнне якога
прыводзіць да парушэння іншых правоў".
Важнай тэмай сустрэчы была абарона нядзелі,
як дня свабоднага ад працы. Дыскусія па гэтай тэме адбываецца ў сувязі з уніфікацыяй
заканадаўства Еўрасаюза адносна працоўнага часу.
Міністр Шпіндэлегер адзначыў
вялікае значэнне "дыялогу з рэлігійнымі супольнасцямі і паміж імі". Ён падкрэсліў,
што дыялог з'яўляецца "неабходным для міру і бяспекі". Міністр замежных спраў Аўстрыі
таксама выказаў упэўненасць, што "свабода вызнавання рэлігіі з'яўляецца элементарным
асноўным правам, якое трэба бараніць з поўнай рашучасцю".