2011-03-28 13:47:14

ПАСЭ: рэзалюцыя па садзейнічанні міжканфесійнага дыялогу ў Еўропе


RealAudioMP3 У ходзе вясенняй сесіі Парламенцкая Асамблея Савета Еўропы заслухае даклад на тэму “Рэлігійны аспект міжкультурнага дыялогу”. Ініцыятарам слуханняў з'яўляецца Анна Брассэр, якая ад імя Камітэта ПАСЕ па культуры, навуцы і адукацыі падрыхтавала даклад на гэту тэму.

На пасяджэнні ПАСЭ 12 красавіка запланавана выступленне шэрагу рэлігійных лідэраў Еўропы. Сярод іх Патрыярх Румынскі Данііл, Галоўны рабін Расіі Берл Лазар, а таксама паўнамоцны прадстаўнік Нямецкай Лютэранскай Царквы ў ФРГ і ЕС святар Бернхард Фелмберг. Апостальскую Сталіцу будзе прадстаўляць старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынал Жан-Луі Таран

"Культурная і рэлігійная разнастайнасць стала крыніцай турботы, страху і напружанасці ў Еўропе і нават далёка за межамі кантынента", - заявіла аўтар дакладу Анна Брассэр. Паводле яе слоў, з'явіўся падзел, асабліва глыбокі ў дачыненні да поглядаў на развіццё грамадства, прапанаваных кожнай з рэлігій.

"Мы сутыкаемся практычна штодня з праблемамі разумення і частымі выпадкамі неталерантнасці, непрымання і гвалту, якія руйнуюць сацыяльную стабільнасць і мір", - адзначыла спадарыня Брассэр падчас папярэдніх слуханняў у камітэце.

На яе думку, эфектыўным сродкам умацавання рэлігійнага плюралізму можа стаць структураваны і пастаянны механізм міжканфесійнага дыялогу ў Савеце Еўропы, а таксама меры па папулярызацыі ведаў аб рэлігіях і ўключэнне тэмы міжканфесійнага дыялогу ў праграму падрыхтоўкі настаўнікаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.